Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканаміст раіць беларусам не сьпяшацца з набыцьцём жыльля


Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь паведаміў пра жыльлёвае будаўніцтва ў студзені-траўні 2016 году.

«Свабода» параўнала афіцыйныя лічбы з падобнымі дадзенымі за 2015 год і пераканалася, што сёлета ўсё паказьнікі сталі намнога горшымі. Так, летась увялі 2 мільёны 153 тысячы квадратаў жыльля, а сёлета — 1 мільён 559 тысяч. Летась здалі 21,6 тысячы кватэр, сёлета — 17,9. Для жыхароў, якія стаяць на ўліку для паляпшэньня жыльлёвых умоваў, сёлета ўведзена 564,5 тысячы квадратных мэтраў агульнай плошчы, а летась — 877,9 тысячы. І нарэшце для сяла сёлета збудавалі 27% ад агульнай плошчы жыльля, а летась — 31,9%.

— Тут няма чаму зьдзіўляцца — тлумачыць сытуацыю кіраўнік аналітычнага цэнтру „Стратэгія“ Леанід Заіка. — Летась сярэдні месячны заробак быў каля 600 даляраў. Людзі радаваліся, бралі крэдыты і будавалі кватэры. Сёлета сярэдні заробак каля 300 даляраў. Людзі паразумнелі, бо сытуацыя іх да гэтага прымусіла. А тут яшчэ ўлады мінімізавалі льготныя крэдыты. Зразумела, што і будаваць сталі меней. Так і павінна быць. Ну, што можна пабудаваць пры заробку 300 даляраў, калі на рынку прадаюць адзін квадрат дзесьці за 1400 даляраў?.

— А што ж тады ў пэрспэктыве?

Я магу параіць людзям не сьпяшацца будавацца. Да 2017 году кошты на жыльлё будуць зьніжацца. І калісьці кошт аднаго квадрату дасягне сярэднемесячнага заробку. Скажыце, фантазія? Не, вось, Мазырскі домабудаўнічы камбінат ужо будуе квадрат за 350 даляраў. А сваім супрацоўнікам аддаюць нават за 300. Яны там правялі сурʼёзную рэканструкцыю камбінату. Калі людзі займаюцца сваёй справай прафэсійна, то яны выходзяць на выдаткі, якія адпавядаюць узважаным цэнам. Так што працэс пайшоў.

Я ўжо 25 гадоў кажу, што кошт аднаго мэтра жыльля мусіць адпавядаць сярэднемесячнаму заробку. І тут няма чаго прыдумляць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG