Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Існаваньне ЭГУ пад пагрозай. Адна праграма навучаньня закрыта


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Літоўскі цэнтар ацэнкі якасьці навучаньня нэгатыўна ацаніў дзейнасьць Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні. Гэта можа стаць падставай для адкліканьня акрэдытацыі ЭГУ на адукацыйную дзейнасьць. Раней акрэдытацыі была пазбаўлена праграма «Ўсясьветная палітыка і эканоміка».

Дзейнасьць ЭГУ ацанілі адмоўна

Камісія Цэнтру ацэнкі якасьці адукацыі Літвы апублікавала справаздачу пра вынікі зьнешняй ацэнкі ЭГУ. Камісія ацаніла дзейнасьць унівэрсытэтіу нэгатыўна і ня раіць Міністэрству адукацыі працягваць ЭГУ акрэдытацыю.

У 2014 годзе дзейнасьць унівэрсытэту ўжо ацэньвалі нэгатыўна, у сувязі з чым адукацыйная ліцэнзія была працягнута толькі на 3 гады.

Камісія адзначыла праблемы ўнівэрсытэту са стратэгічным плянаваньнем, вызначэньнем місіі і фінансаваньнем. На думку экспэртаў, павінна быць дакладнае вызначэньне ЭГУ як палітычнага праекту ці як унівэрсытэту. Камісія зьвярнула ўвагу на неабходнасьць стабільнага кіраваньня ўнівэрсытэтам. З 2014 да 2017 году рэктары ЭГУ зьмяняліся тройчы.

Кіраўнічая рада ЭГУ не пагадзілася з нэгатыўнай ацэнкай сваёй дзейнасьці. На яе меркаваньне ў 2015–2017 гадах у ЭГУ былі праведзены рэформы, пасьпяховасьць якіх прызналі донары ўнівэрсытэту.

У ЭГУ ёсьць 14 дзён, каб падаць апэляцыю на рашэньне камісіі і аспрэчыць яго ў судзе на працягу 30 дзён.

Адну акрэдытацыю ўжо забралі

Паводле вынікаў зьнешняй ацэнкі было адмоўлена ў акрэдытацыі праграме ЭГУ і Ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага ў Коўне «Ўсясьветная палітыка і эканоміка». Пра гэта публічна стала вядома 21 сьнежня.

Ва ўнутранай рассылцы навучэнцам паведамілі, што праграма працягне падрыхтоўку і выпуск бакаляўраў, калі атрымае дазвол Міністэрства адукацыі Літвы. Новага набору на гэтую спэцыяльнасьць ня будзе.

На сустрэчы выканальніка абавязкаў рэктара Ёргена Ёргенсэна са студэнтамі ЭГУ прагучалі наступныя альтэрнатывы:

  • перавод студэнтаў дзённай формы навучаньня ва Ўнівэрсытэт Вітаўта Вялікага ў Коўне;
  • пераход студэнтаў-завочнікаў на іншую праграму ў ЭГУ ці на дзённае навучаньне ў Коўна.

Часовы рэктар сышоў

Паводле інфармацыі Студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, Ёрген Ёргенсэн ужо пакінуў пасаду. У яго скончыўся тэрмін кантракту. Новым выканальнікам абавязкаў рэктара прызначаны кіраўнік акадэмічнай часткі ЭГУ Аляксандар Калбаска.

Тым часам ужо вядома, што рэктарам ЭГУ будзе іншы чалавек. Яго імя не называецца да завяршэньня працэсу акрэдытацыі. Паводле непацьверджанай інфармацыі, гэта колішні міністар адукацыі Баўгарыі ​Сяргей Ігнатаў.

Ігнатаў вучыўся на эгіптоляга ў Санкт-Пецярбурскім дзяржаўным унівэрсытэце. З 1994 — доктар гістарычных навук. Двойчы ў 90-х стажыраваўся ў Оксфардзе. Працаваў у Акадэміі навук Баўгарыі. У 2009 —2013 гадах быў міністрам культуры.

25 гадоў ЭГУ ў фактах: посьпехі, праблемы, скандалы

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе. У 2004 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі адклікала ў ЭГУ ліцэнзію. Пратэсты навучэнцаў выніку не далі. У 2005-м на запрашэньне ўраду Літвы ЭГУ аднавіў сваю працу ў Вільні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG