1 ліпеня ў Вільні адбыўся найвялікшы выпуск за ўсю гісторыю існаваньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту — дыплёмы атрымалі 228 бакаляўраў і 41 магістар, перадае прэсавая служба ўнівэрсытэту.
Урачыстая цырымонія ўручэньня дыплёмаў праходзіла ў касьцёле сьвятой Кацярыны, які быў спраектаваны выбітным архітэктарам Вялікага княства Літоўскага Янам Глаўбіцам. ЭГУ застаецца верным як эўрапейскай традыцыі, так і сваім беларускім караням. Менавіта таму месца правядзеньня цырымоніі сталася вельмі сымбалічным — дакладна тут, у сэрцы старога гораду Вільні, знаходзіцца цэнтар беларускага нацыянальнага адраджэньня.
Выпускнік праграмы «Міжнароднае права» ЭГУ 2009 году і экспэрт у галіне касьмічнага права Арцём Анісімаў параіў сёлетнім выпускнікам не баяцца выклікаў і заўжды памятаць пра сваю альма-матэр:
«Я стаў выпускніком першага віленскага набору бакаляўраў ЭГУ — мы толькі фармавалі падмурак для нашага ўнівэрсытэту пасьля пераезду ў Вільню. Сёньня я бачу самы вялікі выпуск, і гэта самае пераканальнае пацьверджаньне таго, што ЭГУ на самой справе фармуе эўрапейскую будучыню Беларусі».
Падчас цырымоніі былі аб’яўленыя вынікі штогадовага галасаваньня на атрыманьне ўзнагароды «Выбітнаму выпускніку ЭГУ». Яе ўладальнікам стаў Ягор Захарка, які скончыў бакаляўрскую праграму «Культурная спадчына і турызм» у 2011 годзе. Ягор стаў галоўным ініцыятарам і арганізатарам музычнага фэстывалю Mirum Music Festival, які пройдзе сёлета ў Міры ўжо ў пяты раз.
Званьне найлепшай студэнткі выпуску бакаляўрыяту атрымала Вікторыя Андруховіч. Яна выдала сваю кнігу пра гісторыю дызайну ў Беларусі.
Найлепшай студэнткай магістратуры назвалі Паліну Скурко за значныя акадэмічныя дасягненьні.