Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Захад заразіўся савецкай культурай халявы»


Хто вінаваты ў «грэцкай трагедыі», чаму гэтая крана дайшла да сытуацыі дэфолту? Ці трэба дапамагаць дзяржаве, якая дзесяцігоддзямі жыве не па сродках — і размова ня толькі пра Грэцыю?

У чым палягаюць грэцкія ўрокі для Беларусі і ці будуць яны засвоеныя?

На гэтыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць эканамісты Яраслаў Раманчук і Зьміцер Крук.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:14:59 0:00

Цыганкоў: У чым палягае «грэцкі ўрок»? Ідзе шмат спрэчак наконт таго, хто вінаваты — ці самі грэкі, ці міжнародныя крэдыторы, ці грэцкія ўлады.

Калі б Грэцыя атрымлівала супэрдарагія крэдыты ад спэкулянтаў ці хэджфондаў — тады можна было б казаць, што нехта хоча на Грэцыі зарабіць​

Раманчук: Галоўным віноўнікам ёсьць культура ўтрыманства, халявы, якая, на жаль, распаўсюджваецца ў Эўропе. Яна падтрымліваецца эканамічнай думкай, якую ўвасабляў мінулы міністар фінансаў Грэцыі, які меркаваў, што дзяржава ня можа збанкрутаваць, заўсёды хто-небудзь дапаможа. Зь іншага боку — мяккацелая Эўропа, якая ня можа выконваць свае ўмовы і патрабаваньні. 6 гадоў яны дабіваліся, каб грэкі пачулі іх голас, але пачулі толькі грубы адказ. Маем крызіс дзьвюх культураў, у выніку чаго краіна апынулася на каленях.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Але некаторыя вінавацяць якраз крэдытораў. Маўляў, тым галоўнае — не дабіцца, каб у грэкаў палепшылася сытуацыя, а галоўнае — каб яны аддалі грошы любой цаной. А цана гэта можа быць надта высокай.

Раманчук: Калі б Грэцыя атрымлівала супэрдарагія крэдыты ад спэкулянтаў ці хэджфондаў — тады можна было б казаць, што нехта хоча на Грэцыі зарабіць. Але яна атрымлівала крэдыты на вельмі льготных умовах. За 6 гадоў даць краіне на добрых умовах 270 мільярдаў эўра — так краіну ня «топяць». Так што калі і ёсьць нейкая адказнасьць Эўропы — то яна якраз у той мяккацеласьці і паліткарэктнасьці, з-за якой забіваюцца тыя добрыя эканамічныя нормы, якія былі закладзеныя пры стварэньні эўразоны.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Крук: Праблемы Грэцыі глыбейшыя, яны праявіліся ня год ці 5 таму. Нейкая кропка была пройдзена, калі было прынятае палітычнае рашэньне, што Грэцыя можа далучыцца да эўразоны. Але аб’ектыўна краіна не была да гэтага гатовая. Усе разумелі тады, што гэта робіцца пераважна з-за палітычных матываў, — маўляў, Грэцыю можна пераплавіць у агульнаэўрапейскім катле, і таму можна шмат на што заплюшчыць вочы. Сапраўдныя памеры дэфіцыту замоўчваліся, і грэкі атрымлівалі вялікія крэдыты ад эўрапейскіх банкаў.

Як мне здаецца, сёньня мы сутыкаемся з варыянтам, што альбо Грэцыя пакіне эўразону, альбо краіну пераломяць праз калена. Аднак пра гэта трэба было думаць 15-20 гадоў таму, калі многія казалі, што Грэцыю нельга прымаць у манэтарны зьвяз.

Цыганкоў: Яраслаў Раманчук, вы казалі пра культуру халявы. Але хіба ці ня большасьць эўрапейскіх дзяржаваў сёньня жыве паводле пераважна сацыялістычных падыходаў да эканомікі.

Не здаецца, галоўны ўрок грэцкага крызісу — што трэба глядзець праўдзе ў вочы, прызнаваць праблемы адразу​

Раманчук: Даваць трэба інваліду, чалавеку, які часова страціў працу, пэнсіянэру. Лібэралізм не выключае такіх мэханізмаў. Гаворачы пра халяву, я маю на ўвазе сытуацыю, калі чалавеку лепш не працаваць, бо і тады будзеш атрымліваць столькі ж. Усё ж у Эўропе дастаткова краінаў, якія маюць лепшую эканамічную культуру — скандынаўскія краіны, Галяндыя, Брытанія, Нямеччына. Часткай заходняй эканамічнай культуры ёсьць мэханізм банкруцтва — гэта нармальна, калі нехта нарабіў памылак і ідзе ачышчэньне рынку. А калі заліваюць грашыма тых людзей, якія даказалі, што яны кепскія гаспадары — гэта ненармальна. Калі зьяўляюцца структуры too big to fail — надта вялікія, каб збанкрутаваць — то я кажу, што Захад заразіўся саўком, савецкай культурай халявы.

І Грэцыя — першая, якая ідзе гэтым шляхам. І паколькі няма мэханізмаў выхаду з эўразоны ці з Эўразьвязу, то хутчэй за ўсё, яна толькі пачынае скатвацца ў велізарны крызіс, там будзе панаваць шэрая эканоміка, нелегальны рынак, наяўныя — і гэта будзе працягвацца, пакуль кіраўнікі Эўразьвязу ня прымуць нейкае радыкальнае рашэньне.

Цыганкоў: У чым палягаюць грэцкія ўрокі для Беларусі і ці будуць яны засвоеныя?

Крук: Мне здаецца, галоўны ўрок грэцкага крызісу — што трэба глядзець праўдзе ў вочы, прызнаваць праблемы адразу, і адпавядаць той эканамічнай рэчаіснасьці, якая ёсьць. Узровень даходаў павінен адпавядаць прадукцыйнасьці працы, завышаныя даходы могуць выклікаць нашмат большыя праблемы. Для тых сацыяльных гарантыяў, якія ёсьць сёньня ў Грэцыі, неабходны нашмат вышэйшы ўзровень прадукцыйнасьці працы, і нават багатая Нямеччына ня можа сабе дазволіць такую пэнсійную сыстэму, якую дазвалялі сабе грэкі.

У нас няма Эўразьвязу, які будзе ратаваць Беларусь.​

Раманчук: У сярэднявеччы слова «доўг» у нямецкай мове азначала «грэх». Беларускі ўрад за апошнія 8 гадоў у разы павялічыў запазычанасьць. На шчасьце, даўгі хатніх гаспадарак у нас ніжэйшыя, і гэта азначае, што людзі ў нас мудрэйшыя за ўрад. Але калі міністэрства фінансаў бярэ ў доўг на ўнутраным рынку пад 25 працэнтаў у рублях пры адносна стабільным курсе, то гэта значыць, што ўрад зьяўляецца асноўным інстытутам, якія развальвае нашу стабільнасьць.

У нас няма Эўразьвязу, які будзе ратаваць Беларусь. У нас ёсьць Расея, асноўны крэдытор. І калі Беларусь у дачыненьні да Расеі будзе паводзіць сябе так, як Грэцыя ў дачыненьні да Эўразьвязу — то я баюся, што перамовамі тут ня скончыцца, а скончыцца значна больш драматычным сцэнаром.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG