Напярэдадні выбараў дэпутатаў у мясцовыя саветы 18 лютага ў Горадзенскім абласным інстытуце разьвіцьця адукацыі правядуць «дзіцячыя выбары», піша «Гродзенская праўда».
Школьнікі і дашкольнікі будуць галасаваць не за кандыдатаў у дэпутаты, а за дрэвы — выберуць дрэва-сымбаль Кастрычніцкага раёну гораду (паўднёвая частка Горадні). У ліку кандыдатаў клён, дуб, елка, сасна, каштан і рабіна. Ці будзе ўдзел у галасаваньні абавязковым і ці паўплываюць галасы дзяцей на ўпарадкаваньне раёну, не ўдакладняецца. Таксама невядомы дакладны час пачатку і завяршэньня акцыі.
На «дзіцячых выбарах» анансуюць таксама канцэрт школы мастацтваў імя Антонія Тызэнгаўза і ўрокі маляваньня пяском. Удзельнікам жа «дарослых выбараў» (у цэнтры разьмяшчаецца ўчастак № 114) абяцаюць майстар-клясы ва ўпрыгожваньні страваў, кірмаш рамесьнікаў і сьвяточную праграму, зьвязаную з Масьленіцай.
Кілбасная баба, торт-бібліятэка і бульба ў фужэры — як аздобілі ўчастак, дзе галасаваў Лукашэнка
У Беларусі выбарнікаў часта завабліваюць на галасаваньне ўсялякімі забавамі і буфэтам зь нізкімі цэнамі, а то і «экзотыкай» кшталту бясплатнага замеру ціску крыві.
Але ці падвышае гэта яўку выбарнікаў, невядома: афіцыйныя зьвесткі пра яўку адчувальна разыходзяцца з падлікамі незалежных назіральнікаў. Паводле зьвестак ЦВК, яўка на папярэдніх мясцовых выбарах перавышала 77% (больш, чым абвяшчалася на папярэдніх і наступных парлямэнцкіх выбарах), але назіральнікі сьцьвярджалі, што на некаторых участках яўку завышалі ўдвая. Назіральнікі рэгулярна адзначаюць таксама прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні.