Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіме Васіля Быкава ўручылі прэмію «За свабоду думкі». Перамог Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч, Ада Райчонак і Аляксандар Мілінкевіч
Зьміцер Дашкевіч, Ада Райчонак і Аляксандар Мілінкевіч

17 чэрвеня ў вёсцы Бычкі Вушацкага раёну прайшлі ўрачыстасьці да 93-х угодкаў пісьменьніка.

Быў названы сёлетні ляўрэат прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», імя якога традыцыйна абвяшчаюць на Віцебшчыне – на імпрэзах да дня народзінаў славутага пісьменьніка-земляка. Сёлета гэтым пачэсным званьнем уганараваны лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Палітык адзначаны за кампанію абароны Курапатаў, узнагароду ён атрымаў з рук краязнаўкі Ады Райчонак, у мінулым таксама ляўрэаткі прэміі.

Прэмія «За свабоду думкі» існуе з 2008 году, за гэты час яе атрымлівалі славутыя паэты Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, літаратары і палітыкі Ўладзімер Някляеў і Павал Севярынец, мастакі Алесь Пушкін і Алесь Марачкін, краязнаўцы Ада Райчонак і Алесь Белакоз, музыка Лявон Вольскі, сьпевакі-барды Зьміцер Вайцюшкевіч і Віктар Шалкевіч. Рэжысэр Валеры Мазынскі атрымаў дыплём ляўрэата летась.

Як адзначыў падчас урачыстай цырымоніі заснавальнік руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, сёлетняя прэмія юбілейная, яна ўручаецца дзясяты раз. «Калі некаторыя беларусы сёньня наракаюць на праблемы, якія перашкаджаюць жыць, то ўсе нашы ляўрэаты адказваюць выклікам рэальнымі справамі. Прыклад Зьмітра Дашкевіча – таму пацьвярджэньне», – сказаў спадар Мілінкевіч.

Хвілінай маўчаньня ўдзельнікі імпрэзы памянулі сястру Васіля Быкава, Валянціну, якая неўзабаве пасьля нападу зламысьніка памерла летась у ліпені. Таксама адышлі ў іншы сьвет ляўрэаты мінулых гадоў Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Алесь Белакоз.

Паводле традыцыі, ляўрэаты атрымалі памятны дыплём і скульптуру аўтарства Віктара Копача.

Ляўрэатаў прэміі «За свабоду думкі» абірае адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы, уганараваныя гэтым званьнем у мінулыя гады. У лік намінантаў трапляюць тыя, хто найбольш яскрава праявіў сябе ў грамадзкай, прафэсійнай альбо творчай дзейнасьці на карысьць Беларусі і свабоды.

Як і ў мінулыя гады, сёлетнія ўрачыстасьці на радзіме Васіля Быкава традыцыйна ладзілі віцебская абласная філія Таварыства беларускай мовы і рух «За свабоду».

На падворку сядзібы-музэя Васіля Быкава сабраліся аматары беларускай літаратуры з усіх рэгіёнаў, аднавяскоўцы, а таксама вядомыя палітыкі, грамадзкія дзеячы, творчая інтэлігенцыя.

Зьміцер Дашкевіч у лягеры абаронцаў мэмарыяльнага комплексу «Курапаты». Архіўнае фота
Зьміцер Дашкевіч у лягеры абаронцаў мэмарыяльнага комплексу «Курапаты». Архіўнае фота

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG