Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міс бікіні» Даша Кола засьпявала па-беларуску


Даша Кола
Даша Кола

Беларуска Дар’я Ярмолік (Калейчык) летась заваявала званьне «Міс бікіні» на конкурсе «Міс Эўразія» ў Турэччыне, затым атрымала карону другой віцэ-міс на міжнародным конкурсе «Міс турызм» у Кітаі. Але не пайшла ў фотамадэлі, а занялася музыкай.

Пад псэўданімам Даша Кола яна ўжо запісала песьню «Прачнуцца» на словы і музыку прадусара Аляксандра Пазьняка. І працуе над наступнымі песьнямі. Усе будуць па-беларуску, кажа яна Свабодзе.

У 2016 годзе, калі Дар’я працавала ў Дубаі, ёй напісаў агент конкурсу прыгажосьці Miss Eco Universe. На свой першы конкурс яна ішла хутчэй ня дзеля кар’еры, а дзеля забавы, па новы досьвед.

«Я ведала, што конкурс хараства — гэта ня толькі мадэльнае шоў. Гэта таксама конкурс талентаў, — кажа Дар’я. — Там я паказала й сваю песьню на ангельскай мове. Было цікава паглядзець на рэакцыю».

Першая спроба на конкурсе хараства не прынесла ёй тытулаў, але Дар’я сьцьвярджае, што і ня ехала туды па перамогу. І ўвогуле думала, што конкурс будзе толькі адзіны ў ейным жыцьці. Але неўзабаве яе запрасілі на наступны конкурс, які прынёс ёй тытул «Міс бікіні», затым на яшчэ адзін...​

Гэтым летам Дар’я выйшла замуж, а паездка на Miss Bikini International адмянілася: конкурс вырашылі не праводзіць. Дар’я падумала, што кар’ера мадэлі ці танцоўшчыцы — «не сямейная праца», а сябе яна лічыць хутчэй сямейным чалавекам. Між тым сьпявачкай яна марыла стаць зь дзяцінства, хадзіла ў школу з музычным ухілам, хацела паступіць у Інстытут культуры ці ў Акадэмію мастацтваў. Але ўрэшце паступіла ў Інстытут турызму БДУФК, а музыкай працягнула займацца як хобі. Тры гады хадзіла ў аматарскі хор у Чырвоным касьцёле і мела прыватныя заняткі па вакале:

«Конкурсы хараства — цікавая індустрыя, але мяне больш цікавіла музыка. Гэта быў спосаб паказаць сьвету свае таленты і амбіцыі, пазнаёміцца зь цікавымі людзьмі. Я разважала наконт гэтага, недзе я была няўпэўненая, да мінулага месяца сумнявалася. Але музыка для мяне — жыцьцёвая энэргія: калі перастаю ёй займацца, гасну. Зразумела, што музыка для мяне — больш сур’ёзна, чым я лічыла раней».

Яшчэ ў інстытуце Дар’я спрабавала запісваць песьні, а пасьля навучаньня паехала ў Арабскія Эміраты працаваць сьпявачкай па кантракце (ехала зь сяброўкай, агент быў правераны, таму не баялася). Сьпявала эўрапоп і расейскую поп-музыку, сама называе гэта «рэстаранным рэпэртуарам». Яна вырашыла завяршыць такую працу, паспрабавала сябе на конкурсах прыгажосьці, а па вяртаньні ў Беларусь сустрэлася са знаёмым прадусарам:

«Мне хацелася зрабіць нешта для сваёй краіны. Калі жывеш за мяжой, адчуваеш такі сум па Радзіме, не хапае... беларускасьці. Як прыехала ў Беларусь, была ідэя напісаць песьню на беларускай мове. Сустрэліся з Сашам Пазьняком у сьнежні, сказала яму пра гэтую ідэю, а ён кажа, што даўно выношвае ідэю праекту з поп-музыкай на беларускай мове. У нас шмат таленавітых калектываў, якія сьпяваюць на беларускай мове ў розных стылях — рок, фольк... А хацелася зрабіць дэнс-поп, электра-поп, паспрабаваць нешта новае».​

Першая запісаная песьня ёй самой спадабалася, цяпер Дар’я рыхтуе яшчэ некалькі песень па-беларуску. Ці выйдзе альбом у бліжэйшы час, яна ня ведае. «Але нешта бліжэйшым часам зможам паказаць», — кажа Дар’я.

А перад тым, як пачаць канцэртаваць па Беларусі, яна чакае водгукаў на свае песьні. Сьпявачка прызнаецца, што пакуль няўпэўнена размаўляе па-беларуску, выказаць свае эмоцыі лепей можа на расейскай ці на ангельскай. Але пасьля беларускай песьні ёй у сацсетках пачалі пісаць па-беларуску, зьявілася магчымасьць папрактыкавацца ў мове.

Дар’я кажа, што даўно ня слухае беларускую ці расейскую поп-музыку — любіць заходнюю, украінскую ці наогул інструмэнтальную музыку бяз слоў. Але нядаўна яна пачала глядзець «Белсат» і перадачу «Belsat music live». Асабліва яе зачапіла песьня Лявона Вольскага «Чужы».​

Калі гаворка ідзе пра поп-музыку, часта кажуць, што для вялікага посьпеху трэба сьпяваць па-ангельску. Зь іншага боку, у ліку самых папулярных песень сёньня «Despacito» на гішпанскай і «Gangnam Style» на карэйскай. Ці можа песьня па-беларуску стаць папулярнай па ўсім сьвеце, трапіць у міжнародную ратацыю?

«Я ўпэўненая, што ў поп-музыцы няма вызначанай мовы, — адказвае Дар’я. — Мы можам размаўляць на адной мове, але адзін аднаго не разумець. А бывае, мы слухаем музыку і не разумеем, пра што пяюць, або нават проста не ўслухоўваемся ў словы — а нам падабаецца. Песьня — гэта паведамленьне, якое мы чуем, а пасьпяховая песьня — гэта паведамленьне, якое максымальна зразумелае людзям, на якое яны хочуць адказваць. Гэта як вірус».

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG