У Цэнтры гарадзкога жыцьця ў Горадні адбылася прэзэнтацыя новай кнігі найбольш вядомай гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль. Кніга выйшла ў сэрыі «Беларускі кнігазбор».
Данута Бічэль сказала Свабодзе, што задаволеная новай кнігай, бо трапіла ў адзін шэраг з Купалам, Коласам, Багдановічам, Ларысай Геніюш, іншымі выбітнымі пісьменьнікамі, кнігі якіх выйшлі ў «Беларускім кнігазборы». Маўляў, заўсёды з задавальненьнем глядзіць на паліцы ў кнігарні, дзе стаяць кнігі з гэтай сэрыі, а цяпер побач яшчэ і імя Дануты Бічэль.
— Мая кніжка 88-я ў «Беларускім кнігазборы», і я вельмі задаволеная, што пабачыла яе пры жыцьці, бо, да прыкладу, кнігу Ніны Мацяш выдалі ўжо пасьля яе сьмерці.
Данута Бічэль сказала, што імкнулася адабраць у новую кнігу найбольш значныя свае вершы і прозу, адсейвала шмат што з асабістага, з таго, што лічыць менш важным для чытача. І вершы, і прозу, згодна з патрабаваньнем сэрыі, адбірала ў храналягічным парадку, каб чытач мог прасачыць яе шлях у літаратуры.
— Я брала прыклад з кнігі Максіма Багдановіча. Калі верш выпадаў з кантэксту, з настрою, то я яго адсейвала, нават нягледзячы на тое, што ён добры. Ёсьць нават такія вершы, якія я вельмі шкадавала выкінуць, але даводзілася так рабіць. Некаторыя вершы я нават папраўляла, а яшчэ некаторыя з чарнавікоў дапісвала.
Спадарыня Данута расказала пра ўкладаньне паэтычнай часткі кнігі.
— Тут мне дапамагалі сябры. Да прыкладу, Міхась Скобла прымусіў уставіць вершы з цыклу пра Эўфрасіньню Полацкую. А маё сёньняшняе дыханьне крыху розьніцца ад таго, якое перададзена ў тых вершах, і я вымушаная была нейкім чынам уладкаваць іх у іншы тэмп. Адпачатку не паставіла вершы з цыклу «Водар і шолах», а Хрысьціна Лялько сказала, што пакрыўдзіцца, калі я іх не ўключу ў кнігу, бо яны ёй вельмі падабаюцца.
Пры ўкладаньні прозы Данута Бічэль найперш думала пра настаўнікаў.
— Я ўсё ж думаю, што беларуская літаратура будзе надалей выкладацца ў нашых школах. І мне хацелася дапамагчы нашым настаўнікам, маім калегам. Мае эсэ лёгкія, свабодныя, і я шмат напісала ў іх ня проста пра пісьменьнікаў, але яшчэ і пра людзей, пра іх душы. А наагул — гэта кніга пра маіх сяброў, бо і Янка Купала, Колас, Багдановіч, Брыль... — гэта мае сябры. Магчыма, нехта скажа — навошта ты ўставіла сюды Яна Збажыну? А я яго вельмі любіла як паэта. Проста яго жыцьцё склалася так, што ён не разгарнуўся да канца, але ён праявіў сябе. Ён быў вельмі цікавым чалавекам, і я эсэ пра такіх людзей пісала і імкнулася ўключыць у гэтую кнігу.
Паводле спадарыні Дануты, кніга як бы падсумоўвае яе працу, і тое, што яна зьявілася — справядліва.
— Усё жыцьцё я працавала, хадзіла, чытала, пісала. І вось мая кніга выйшла ў сэрыі за Алесем Наўроцкім, і Міхась Стральцоў недалёка, і Кастусь Тарасаў — іх няма ўжо, а я іх страшэнна любіла і люблю цяпер. І мне вельмі прыемна, што нашы кнігі стаяць цяпер побач у адным шэрагу.