Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даля Грыбаўскайце: У Менску ня вырашана найважнейшае пытаньне — пра межы


Даля Грыбаўскайце, архіўнае фота ©Shutterstock
Даля Грыбаўскайце, архіўнае фота ©Shutterstock

Падчас чатырохбаковых перамоваў у Менску ня вырашана найважнейшае пытаньне — пра кантроль над межамі Ўкраіны, заявіла ў чацьвер журналістам у Брусэлі прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

«У Менску дасягнута частковае пагадненьне аб перамір’і, я б хацела падкрэсьліць — толькі перамір’і. Ці будзе яно выконвацца — час пакажа. Пяць месяцаў таму ў Менску было дасягнута пагадненьне аб перамір’і, якое не выконвалася. Такім чынам, гэта проста перамір’е. Галоўнае пытаньне — кантроль над межамі — ня вырашана».

Паводле яе слоў, паколькі ня вырашана пытаньне пра кантроль над межамі, «мяжу, як і раней, так і цяпер патэнцыйна могуць перасякаць расейскія армія і цяжкія ўзбраеньні».

Грыбаўскайце сказала, што час пакажа, ці будзе выконвацца дасягнутае пагадненьне.

«Сьвет яшчэ далёка, і яшчэ вельмі доўгі шлях да поўнага вырашэньня праблемы», — адзначыла літоўскі прэзыдэнт.

На пытаньне, ці будзе Рада Эўрапейскага Зьвязу, якая зьбіраецца на нефармальнае паседжаньне ў чацвер, вырашаць пытаньне пра новыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, Грыбаўскайце адказала, што спачатку ўдзельнікі сустрэчы выслухаюць прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда і канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель, а таксама прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку, якія вярнуліся зь Менску.

«Цалкам верагодна, што пытаньні санкцый будуць адкладзеныя да сакавіка. Таму што неабходна паглядзець, як нават такія частковыя пагадненьні — ці будуць яны ўвогуле выконвацца», — падкрэсьліла Грыбаўскайтэ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG