Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дайце памерці ў сваёй хаце». 94-гадовую бабулю забралі ў псыхіятрычны шпіталь, хочуць заняць яе ўчастак


Ніна Сямёнава
Ніна Сямёнава

У Горадні самотную 94-гадовую Ніну Сямёнаву прымусова на 10 дзён даставілі ў псыхіятрычны шпіталь. Пазьней яна атрымала ліст з гарвыканкаму аб тым, што яе прыватны дом з надзелам у цэнтральнай частцы Горадні ідзе пад знос, а на яго месцы ў канцы году мае пачацца будоўля новага мэдычна-гатэльнага комплексу.

Пасьля прымусовай дастаўкі ў шпіталь спадарыня Ніна ня можа хадзіць, у яе сінякі на руках і нагах. І яна кажа, што нікуды з сваёй хаты ня пойдзе да самай сьмерці. Улады на паседжаньні адмысловай камісіі ў гэтай справе заявілі, што дастаўкаю Сямёнавай у шпіталь закон ня быў парушаны.

Бралі мяне пад рукі і цягнулі

Ніна Сямёнава, якая нарадзілася яшчэ за польскім часам у Горадні і ўсё жыцьцё пражыла ў бацькоўскім доме, добра памятае ўсе ўлады. Яна кажа, што падобнага бандытызму, які паспытала на сабе цяпер, ніколі раней нават у кіно ня бачыла.

«Уявіце, што да мяне на падворак прыйшла прадстаўнічая дэлегацыя ад ЖЭСу, гарвыканкаму — не папярэдзіўшы, нічога не сказаўшы. Хата была зачыненая, я была ўнутры. Яны стукалі, а я не адчыняла, бо баялася, ня ведала, хто там. Адзін мужчына дастаў шыбу і залез праз вакно ў сенцы, адчыніў хату, і ўсе ўвайшлі. Потым мяне прымусам цягнулі ў машыну двое здаровых мужчынаў, я крычала, але нічога не магла зрабіць. Мяне адвезьлі ў псыхіятрычны шпіталь на вуліцы Шчорса нібыта дзеля таго, каб правесьці мэдычнае абсьледаваньне. Я прабыла там 10 дзён, дактары нічога ў выніку не сказалі і нават не далі выпіскі на рукі.

Хочуць забраць дом і надзел зямлі

У жанчыны слабое здароўе, але яшчэ добрая памяць, яна пры цьвярозым розуме, добра чуе і памятае і людзей, і падзеі, ніколі не хварэла псыхічна, не стаяла на ўліку ў псыхіятрычным дыспансэры. Яе дом на вуліцы Ватуціна знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Горадні. Яго будаваў у 1912 годзе яшчэ ейны тата, тут яна нарадзілася і пражыла ўсё жыцьцё.

Дом Ніны Сямёнавай на вуліцы Ватуціна
Дом Ніны Сямёнавай на вуліцы Ватуціна

Сама спадарыня Ніна перакананая, што такім чынам улады вырашылі пазбавіцца ад яе, каб забраць ейны дом і надзел зямлі. Аб гэтым цьвердзяць і суседзі, якія спрабавалі яе ратаваць, калі яе прымусова цягнулі ў машыну хуткай дапамогі. Спадарыня Валянціна кажа, што кавалак зямлі ў цэнтры Горадні напэўна ж ня танны, а з самотным старым чалавекам можна абысьціся як хочаш.

«Мы ведаем спадарыню Ніну ўжо больш за 50 гадоў, яна ніколі не была псыхічна хворай, яна нармальны чалавек і пры добрай памяці. Усе мы гэта добра ведаем і разумеем, дзеля чаго яе прымусова пацягнулі ў псіхушку...».

Вярнуўшыся са шпіталя, спадарыня Ніна атрымала ліст з гарвыканкаму: некалькі дамоў у іхным раёне будуць зносіць, усім жыхарам дадуць адпаведную кампэнсацыю, як гэта і належыць паводле закону.

Ліст з гарвыканкаму
Ліст з гарвыканкаму

«Але я не хачу нікуды ісьці з сваёй хаты, дзе нарадзілася і пражыла ўсё жыцьцё, я хачу тут памерці. А тады няхай робяць, што хочуць», — кажа яна.

Улады кажуць, што ўсё законна

Гэтая гісторыя была апублікаваная на мясцовым горадзенскім рэсурсе. Улады запрасілі аўтара Руслана Кулевіча на паседжаньне адмысловай камісіі, якая засядала ў гарвыканкаме ў гэтым пытаньні. Кулевіч сказаў Свабодзе, што пазыцыя ўладаў адназначная — яны дзейнічалі згодна з законам.

Руслан Кулевіч
Руслан Кулевіч

«На паседжаньні камісіі было заяўлена, што нагодай, каб увайсьці ў дом Сямёнавай, стаў сыгнал аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка і антысанітарыя, якая пануе ў ейным доме. Маўляў, спадарыня Ніна не пускала сацыяльнага работніка і не давала нічога прыбіраць. Гэта дало падставу стварыць камісію і паглядзець, ці можа чалавек жыць у такіх умовах. У выніку было прынята рашэньне забраць жанчыну на абсьледаваньне. А мэдычная работніца заявіла, што, згодна з сыгнальным лістом, атрыманым ад хуткай дапамогі, пэнсыянэрка мае арганічны разлад асобы. І, вядома, прагучала, што прыход камісіі ніякім чынам не зьвязаны з плянаваным зносам дому».

Свабодзе пакуль не ўдалося атрымаць непасрэдныя тлумачэньні ад гарадзкіх уладаў, у ЖЭСе таксама ніхто не гатовы да размовы на гэтую тэму.

Ці чалавечае беларускае заканадаўства

На паседжаньні камісіі прысутнічала спадарыня Алена, якая доўгі час сябруе з бабуляй, дапамагае ёй і часта наведваецца да яе дамоў. Вось што яе ўразіла пры разглядзе гэтае праблемы:

«На паседжаньні камісіі гучала толькі, што ўсё адбывалася ў межах заканадаўства, а ў мяне пытаньне: а чалавечае стаўленьне да 94-гадовай жанчыны уваходзіць у межы нашага заканадаўства, калі да яе праз вакно ўлазяць у хату, а потым прымусова цягнуць у машыну? Я праз два дні была ў шпіталі і бачыла, у якім стане спадарыня Ніна. Ну добра, у яе не прыбрана ў хаце, але ці можа гэта быць падставай, каб так вандальна цягнуць чалавека ў шпіталь на абсьледаваньне?»

Спадарыня Ніна распавяла, што хоць у жыцьці яна і самотны чалавек, бо ня мае блізкай радні, ня мела дзетак, але побач зь ёй заўсёды людзі, якія дапамагаюць, прыносяць харчы, прыбіраюць у доме. Спадарыня Леанарда Гузевіч і ейны муж Вацлаў некалі ў маладосьці жылі ў яе на кватэры, яны ня кідаюць спадарыню Ніну. А пасьля апошняга здарэньня падалі дакумэнты, каб узяць над ёю апеку.

Леанарда Гузевіч
Леанарда Гузевіч

Аднак у гарвыканкаме прагучала, што нібыта спадар Вацлаў давёў бабулю да такога стану, каб хутчэй завалодаць ейнай маёмасьцю. Спадарыня Леанарда, распавядаючы пра гэта, ледзь ня плача ад крыўды.

«Нам вельмі крыўдна. Мой муж прыходзіць сюды 35 гадоў, сячэ дровы, прыносіць харчы, прыбірае. І я таксама наведваюся. Мы і зімой тут пачысьцім, прыбяром, і на сьвяты нешта арганізуем — крыўдна, што ўлады пра нашу карысьлівасьць пачалі казаць. Мы простыя людзі і таксама разрываемся, каб усюды пасьпець, бо і ўнукі ёсьць, і самі яшчэ працуем, і сюды бяжым, каб дагледзець».

У гэтай хаце два тыдні жыў Быкаў

Спадарыня Ніна шмат апавядае і раптам узгадвае, што слухала Свабоду ўсё сьвядомае жыцьцё, а потым ня стала прыймача і радыё яна страціла. Распавядае, як жылі «за польскім часам», як вучылася ў нямецкай прыватнай школе, польскай гімназіі, як працавала ў інфэкцыйным шпіталі пасьля вайны. А яшчэ распавяла, як у гэтым самым доме жыў Васіль Быкаў з жонкай.

Вуліца Ватуціна
Вуліца Ватуціна

«Мой муж Ігар Сямёнаў быў мастаком і аднойчы папрасіў мяне, каб мы пусьцілі пажыць ягонага добрага знаёмца, які толькі пабраўся шлюбам, але ня мае дзе жыць. Вось да нас і прыйшоў Васіль Быкаў са сваёй жонкай. Жылі вунь у тым пакоі два тыдні. Мы тут і посудам дзяліліся, і харчаваліся разам. Ён тады быў яшчэ невядомым, проста франтавік, які вярнуўся з вайны. Мы яго называлі Васькам. Прыемныя людзі абое, праз два тыдні яны атрымалі кватэру на Алега Кашавога і зьехалі, але потым мы яшчэ сябравалі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG