Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даходы беларусаў адначасова вырасьлі і ўпалі ў афіцыйнай статыстыцы. Як гэта? І калі там «па пяцьсот»?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюць расьці грашовыя даходы на душу насельніцтва, а рэальныя наяўныя грашовыя працягваюць падаць. Паводле абедзьвюх мэтодыкаў, сярэднестатыстычны беларус мае крыху больш за 500 рублёў на месяц.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту (Белстат), за студзень— жнівень 2017 году рэальныя наяўныя грашовыя даходы беларусаў амаль перасталі падаць — упалі ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году толькі на 0,1%.

Але, як перадае Tut.by, спасылаючыся на Белстат (на сайце камітэту такіх зьвестак не знайшлося), грашовыя даходы на душу насельніцтва ня толькі ня падаюць, але і працягваюць расьці. За студзень-жнівень бягучага году яны вырасьлі на 6,7% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага год.

Грашовыя даходы на душу насельніцтва цяпер склалі 543,1 рубля. Гэтыя даходы — агульны аб’ём даходаў беларусаў, падзелены на ўсіх (у тым ліку дзяцей і пэнсіянэраў) да сплаты падаткаў, у іх уваходзяць таксама адсоткі па банкаўскіх укладах і выйгрышы ў лятарэях. Гэткія даходы растуць.

Але «больш рэальныя» даходы гэта рэальныя наяўныя грашовыя даходы — даходы за выняткам падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі. Такія даходы амаль перасталі падаць. Памесячнай статыстыкі па абсалютных лічбах гэтых даходаў Белстат не дае, але ў сярэднім за 2016 год гэтых даходаў было 514,9 рубля.

Таксама Белстат падлічвае «самыя рэальныя» даходы, сярэднемесячныя даступныя рэсурсы на чалавека — ня толькі заробкі і іншыя грашовыя даходы, але і даходы ад прадуктаў уласнага вырабу ў грашовым выражэньні:

Разьмеркаваньне даступных рэсурсаў (рэальных даходаў) у ІІ квартале 2017 году
Разьмеркаваньне даступных рэсурсаў (рэальных даходаў) у ІІ квартале 2017 году

А яшчэ ёсьць сярэдні заробак, які ўсё ніяк не «па пяцьсот»

Сярэднім заробкам у Беларусі традыцыйна называюць сярэдні намінальны налічаны заробак працаўнікоў без уліку наступнай сплаты падаткаў і збораў. Тое, што дастаецца працаўніку на рукі пасьля сплаты падаткаў і збораў называецца заробкам, што падлягае выплаце.

Менавіта гэты сярэдні заробак Аляксандар Лукашэнка ўжо больш за 10 гадоў абяцае давесьці да 500 даляраў (або ў апошні час да 1000 беларускіх рублёў — 506,5 даляраў на момант публікацыі).

У будучым годзе Лукашэнка даручыў давесьці сярэдні заробак па Беларусі да 1500 рублёў, сёлета ж ён загадаў «падцягнуць да ўзроўню 1000 рублёў» прадпрыемствы зь нізкім заробкам. Але міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі заявіў, што сельская гаспадарка ці сацыяльная сфэра ня могуць раптоўна дасягнуць 1000 рублёў заробкаў да канца году, але наогул заробкі «памаленьку падцягваюцца ў тым вэктары, што задаў кіраўнік дзяржавы».

У верасьні такі сярэдні заробак склаў 831,3 рубля — упаў на 13,1 рубля ў параўнаньні са жніўнем, але ў параўнаньні са студзенем вырас на 110,6 рубля. Заробкі «адстаюць ад графіку» ўраду: плянавалася, што яшчэ ў жніўні сярэдні заробак будзе 896 рублёў.

«Сярэдні заробак — гэта падман, ён расьце за кошт тых, хто зарабляе больш, а асноўная частка, 70–75% людзей, атрымліваюць менш за 300 даляраў», — адзначаў эканаміст Яраслаў Раманчук. Паводле яго, і названы ўладамі ўзровень рэальных даходаў «носіць хутчэй палітычны і ідэалягічны характар, але ніяк ня быў абумоўлены выразным эканамічным падмуркам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG