«Апошняй кропляй» для гэтага рашэньня стала зламаная тэхніка, вернутая ўпраўленьнем Сьледчага камітэту па горадзе Менску.
Стваральнік сайта by24.org Уладзімер Чудзянцоў распавёў на Facebook пра жаданьне зьехаць зь Беларусі пасьля таго, як Сьледчы камітэт вярнуў яму пашкоджаную тэхніку.
На просьбу Свабоды распавесьці пра рашэньне Чудзянцоў адказаў: «Без камэнтароў. Мо калі зьеду, то тады».
У пасьце ён распавядае пра тое, як атрымаў на прахадной Сьледчага камітэту два месяцы таму сканфіскаваную тэхніку і выявіў у ёй пашкоджаньні.
Так, картка памяці са смартфона стала працаваць толькі на чытаньне, картка памяці з пляншэта — «глючыць», а сам пляншэт — тармазіць і завісаць, смартфон выдае памылку падчас абнаўленьня прашыўкі, у нэтбуку пачаў занадта гучна працаваць вэнтылятар і заўважны заменены вінцік, зьнешні цьвёрды дыск падрапаны, а стары тэлефон перастаў зараджацца.
«Гэта было апошняй кропляй у справе прыняцьця канчатковага рашэння па адʼезьдзе з гэтай краіны назаўсёды», — піша Чудзянцоў.
У красавіку ён паведаміў, што знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд, і што ягоную тэхніку сканфіскавалі. Пазьней у судзе над беларускім дабраахвотнікам «Правага сэктару» Тарасам Аватаравым Чудзянцоў распавёў, як перапісваўся з Аватаравым і даў таму 100 даляраў, той купіў абмундзіраваньне.
На пачатку красавіка Сьледчы камітэт правёў тэндэр на закупку комплексу, які забясьпечыць доступ да выдаленай і заблякаванай інфармацыі на смартфонах і іншых гаджэтах. Прылада за 631 мільён беларускіх рублёў, па ўмовах тэндэру, мусіць умець тое, чаго ня ўмела нават абсталяваньне ФБР.