Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чыноўнік можа забіць 50 відаў птушак»: актывісты пратэстуюць супраць зьнішчэньня лесу на Цнянцы

абноўлена

Будоўля на Цнянскім вадасховішчы ў Менску
Будоўля на Цнянскім вадасховішчы ў Менску

Яны патрабуюць пакараць вінаватых у зьнішчэньні прыроды, у памяць аб лесе выстаўляюць фота жывёлаў і расьлінаў, якія жылі на месцы будоўлі.

Група актывістаў сабралася ўдзень 24 траўня на беразе Цнянскага вадасховішча ў Менску на флэшмоб супраць зьнішчэньня зялёнай зоны пад будоўлю аздараўленчага цэнтру. На гарах пяску на будоўлі яны выстаўляюць фота жывёлаў, птушак і расьлінаў, якія жылі ў лесе, распавядаюць пра парушэньні заканадаўства, дапушчаныя пры пачатку будоўлі, і патрабуюць пакараць вінаватых.

«50 відаў птушак, 16 — дрэваў. Іх можа забіць адзін чыноўнік», — кажа адзін з плякатаў.

У акцыі бяруць удзел актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі, усяго да 10 чалавек, мілцыянты ў цывільным робяць відэафіксацыю, але не замінаюць. Яшчэ два міліцыянты ў форме трымаюцца воддаль.

Праціўнікі будоўлі сьцьвярджаюць, што яна пачалася без узгадненьня з грамадзкасьцю і без адпаведнага ўказу. Актывістка Вольга Маёрава зьвяртае ўвагу на тое, што указ аб выдзяленьні зямлі, які падпісаў Лукашэнка, не апублікаваны. Паводле дакумэнтаў будаўнікоў ужо зьнішчана расьліннасьць на 2,5 га лесу і паляны, але актывісты не выключаюць, што плошча павялічыцца.

«Тут жылі дзясяткі відаў птушак і жывёлаў, якія мусяць адсюль сыйсьці назаўсёды. Гэта ня кажучы пра тое, што тут адпачывалі сотні жыхароў Зялёнага Лугу. Будоўля, як пухліна, усё зьнішчае. Чыноўнікі даюць дазволы на такія будоўлі насуперак закону», — кажа Дзяніс Красачка з АГП.

Раней актывісты сабралі і перадалі ў Менгарвыканкам дзьве зь лішнім тысячы подпісаў супраць будоўлі, пасьля флэш-мобу будуць зьбіраць подпісы надалей.

На Цнянскім вадасховішчы ўжо ёсьць адзін тэнісны цэнтар — УП «Клюб тэнісу», што на скрыжаваньні вуліц Кальцова і Падольскай.

* * *

Карэспандэнт Свабоды быў на месцы будоўлі тэніснага цэнтру месяц таму. За гэты час плошча будаўнічай пляцоўкі павялічылася ўдвая, але яна па-ранейшаму ніяк не абазначаная, таму можна меркаваць, што гэта яшчэ не канчатковыя межы ўчастку, які забяруць у прыроды.

На пляцоўцы бліжэй да лесу будаўнікі пачалі рыць катлаван, тут працуе магутная тэхніка, равуць экскаватар і самазвалы. Відаць, менавіта тут будзе стаяць адміністрацыйны будынак тэніснага цэнтру і гатэль. Па пэрымэтры пляцоўкі зваленыя велізарныя валуны — як напамін пра некранутую калісьці прыроду. Роварная дарожка, якая праходзіла побач, канчаткова апынулася ў межах будоўлі, рухацца па ёй на ровары ўжо ніяк немагчыма. Адпачывальнікі заходзяць сюды, ужо толькі каб паглядзець на будоўлю ды пашкадаваць. «Няма таго, што раньш было».

На будоўлі тэніснага цэнтру пачалі рыць катлаван
На будоўлі тэніснага цэнтру пачалі рыць катлаван

Будоўля ўжо займае 2,5 гектара былога лесу і паляны каля Цнянкі
Будоўля ўжо займае 2,5 гектара былога лесу і паляны каля Цнянкі

Адпачываць усё складаней
Адпачываць усё складаней

Замовіла будоўлю фірма ЭРІА
Замовіла будоўлю фірма ЭРІА

Будоўля няўхільна зьнішчае лес
Будоўля няўхільна зьнішчае лес

Пакуль некранутая зялёная паласа каля Цнянскага вадасховішча
Пакуль некранутая зялёная паласа каля Цнянскага вадасховішча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG