Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер Жарко назваў шэраг выпадкаў анафіляктычнага шоку «нестандартнай сытуацыяй»


Васіль Жарко, архіўнае фота
Васіль Жарко, архіўнае фота

«Тры выпадкі анафіляктычнага шоку за такі кароткі прамежак часу — сытуацыя нестандартная, але ня трэба запалохваць насельніцтва», — сказаў журналістам 25 студзеня віцэ-прэмʼер Беларусі, былы міністар аховы здароўя Васіль Жарко.

Як піша БелаПАН, віцэ-прэм’ер дадаў, што ў параўнаньні з сусьветнай практыкай выпадкаў алергічнай рэакцыі на мэдпрэпараты ня так і шмат.

Паводле слоў Жарко, летась у Беларусі было зафіксавана 25 выпадкаў алергічнай рэакцыі на цэфтрыяксон — прэпарат у асноўным расейскай і польскай вытворчасьці. Ён таксама падкрэсьліў, што лячэньне антыбіётыкамі павінна праходзіць толькі пад наглядам лекара.

Першы намесьнік міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч, размаўляючы з журналістамі 25 студзеня, сказаў, што рэалізацыя цэфтрыяксону ў Беларусі прыпыненая, цяпер гэты антыбіётык правяраюць. Піневіч упэўнены «практычна на 100%», што вынікі праверкі пацьвердзяць адпаведнасьць прэпарата ўсім неабходным стандартам якасьці. Таксама прадстаўнік міністэрства сказаў, што ў Беларусі прыпыняецца практыка разьвядзеньня антыбіётыкаў і прымяненьня іх зь лідакаінам.

Першы намесьнік міністра дадаў, што доля прымяненьня цэфтрыяксону ў Беларусі складае 35–40%. Менавіта з гэтай прычыны, на яго думку, зафіксавана гэтулькі рэакцыяў — тры выпадкі за кароткі тэрмін.

У пэрыяд з 16 па 20 студзеня ў Беларусі ад анафіляктычнага шоку пасьля ўвядзеньня цэфтрыяксону зь лідакаінам памерла жанчына і пацярпелі двое дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG