Магілёве на працягу тыдня зруйнавалі некалькі старых дамоў у цэнтральнай частцы гораду. Пад пагрозай зносу і вялікі будынак хлебазаводу 1930-х гадоў, які намагаюцца ўратаваць рупліўцы мясцовай даўніны. Яны прапануюць уладзе разьмясьціць у ім музэй хлеба і выставачныя залі.
Зьнесеныя будынкі стаялі на пешаходнай вуліцы Ленінскай, якую аўральна рыхтуюць да форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Форум мае адбыцца пры канцы верасьня. Неафіцыйна хуткае руйнаваньне дамоў зьвязваюць з гэтай падзеяй, бо «іх стан псаваў выгляд вуліцы».
Якія будынкі пазносілі
— Двухпавярховы дом на вуліцы Ленінскай, 59. Яго ўзьвялі ў 1952 годзе, а ў 2014-м прызналі аварыйным. Будаўнічы трэст № 12 зьбіраецца ўзводзіць тут шматкватэрны жылы дом. Праект яшчэ не распрацаваны.
— Комплекс будынкаў на вуліцы Ленінскай, 30А. Раней яны належалі прадпрыемству «Гарсьвятло» і апошнія гады пуставалі. Паводле краязнаўцаў, дамы ўяўлялі каштоўнасьць як узор ацалелых «гарадзкіх сядзібаў». На іх месцы дабрачынны фонд «Ар Аўэр» мае збудаваць асьветніцкі цэнтар для дзяцей і моладзі. Замоўнік будаўніцтва кажа, што дамы былі ў аварыйным стане. Пляцоўку ўжо абгарадзілі.
Будучыня старога «хлебазаводу» — офісны цэнтар з забаўкамі
Пад пагрозай зносу — будынак былога хлебазаводу № 2. Яго ўзьвялі ў 1930-х гадах у стылі «савецкага канструктывізму». Гарадзкія ўлады на яго месцы мяркуюць пабудаваць шматфункцыянальны комплекс, у якім разьмесьцяцца гандлёвыя, абслуговыя, культурна-забаўляльныя і адміністрацыйна-дзелавыя ўстановы.
Яго ўладальнікам застаецца булачна-кандытарская кампанія «Дамачай». На прадпрыемстве ня ведаюць, што чакае іхні стары будынак. Кажуць: гэта павінен вырашыць гарвыканкам.
«Усё знаходзіцца ў стадыі прапрацоўкі, і канкрэтна ніхто нічога пакуль ня скажа», — адзначыў супрацоўнік адміністрацыі кампаніі.
Краязнаўца Леанід Платоненка лічыць мэтазгодным захаваць будыніну як узор савецкага канструктывізму. Абаронцы «хлебазаводу» аб’ядналіся ў суполку «арт-прастора „Хлебазавод“» і спрабуюць давесьці, што ў будынку варта разьмясьціць музэй.
Чым абгрунтаванае руйнаваньне
Зруйнаваныя будынкі ня мелі ахоўнага статусу, але месьціліся на тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Гістарычны цэнтар Магілёва», якая, як настойваюць актывісты, знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
На зварот Леаніда Платоненкі Мінкульт адпісаў, што цэнтар гораду «мае безумоўную гістарычную каштоўнасьць, а таксама валодае патэнцыялам у далейшай рэгенэрацыі страчаных якасьцяў гарадзкога асяродзьдзя». На тэрыторыях аховы, гаворыцца ў лісьце, забароненае новае капітальнае будаўніцтва ў непасрэднай блізіні ад гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, што фізычна і эстэтычна шкодзіць гарадзкому асяродзьдзю.
Разам з тым краязнаўцу паведамілі, што лёс гістарычнага цэнтру знаходзіцца ў кампэтэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады, а «падыходы і ўмовы рэалізацыі стратэгічных мэтаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Магілёва вызначаныя Генэральным плянам, зацьверджаным прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь 28 ліпеня 2003 году».
Паводле ж зьвестак з гарвыканкаму знос будынкаў прадугледжаны горадабудаўнічым праектам «Дэталёвы плян цэнтральнай часткі Магілёва з праектам рэгенэрацыі гістарычнай зоны». Дамы ня значыліся ў Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Ва ўпраўленьні архітэктуры на пытаньне, ці ўзгаднялася руйнаваньне будынкаў зь Мінкультам, адказалі: калі яны ня маюць ахоўнага статусу, дазволу не патрабуецца.
Ліст да Лукашэнкі: «Горад на вачах губляе сваё гістарычнае аблічча»
Леанід Платоненка зьвярнуўся ў адміністрацыю прэзыдэнта, каб спыніць «руйнаваньне гістарычнага цэнтру гораду і забудову яго сучаснымі будынкамі з бэтону і шкла».
«Горад на вачах губляе сваё гістарычнае аблічча, — піша руплівец даўніны. — Узьнікае ўпэўненасьць, што асноўным мэтадам рэстаўрацыі ў горадзе абраны знос будынкаў гістарычнай забудовы».
У інтэрвію Свабодзе Платоненка сказаў: сытуацыя з захаваньнем архітэктурных адметнасьцяў гораду абумоўленая тым, што бальшыня магілёўцаў ня лічаць помнікі архітэктуры каштоўнасьцю. Пакаленьні гараджан расьлі, кажа краязнаўца, калі на іх вачах старыя будынкі руйнавалі, і гэта для іх стала нормай. Старыя камяніцы спачатку давялі да аварыйнага стану, а потым зруйнавалі.
Платоненка кажа, што зьвяртаўся ў Акадэмію навук, Магілёўскі ўнівэрсытэт імя Куляшова ды ў мясцовыя музэі, каб тыя аформілі дакумэнты на ўнясеньне ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў сядзібнай забудовы на вуліцы Ленінскай, 30А, а таксама будынка хлебазаводу.
«Адказ жа адусюль быў аднолькавы: за такую працу возьмуцца на падставе дамовы і аплаты. Такім чынам, мы змарнавалі час на інфармаваньне пра пагрозы будынкам, а трэба было заняцца вывучэньнем пытаньня, як ствараць дакумэнты дзеля наданьня дамам ахоўнага статусу», — кажа актывіст.