Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не засмучаемся: у „Гавары праўду“ будзе больш за 200 сваіх назіральнікаў», — Дзьмітрыеў


Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Кампанія «Гавары праўду», якую выключыла зь ліку сваіх удзельнікаў кампанія назіраньня «Права выбару», правядзе ўласнае назіраньне за парлямэнцкімі выбарамі.

Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» распавёў Андрэй Дзьмітрыеў.

«Мы будзем праводзіць назіраньне. Нічым ад кампаніі „Права выбару“, якой былі заснавальнікамі і якой распрацоўвалі мэтодыку, мы адрозьнівацца ня будзем. У 2015 годзе дзякуючы толькі таму, што Тацяна Караткевіч падавала скаргу ў ЦВК, усё гэта назіраньне, у тым ліку і „Права выбару“, не было марным. Яно было зафіксаваным і пададзеным у адпаведныя органы. Таму, гэта звычайныя гульні ўнутры апазыцыі, якія ўжо ўсім надакучылі. Мы не засмучаемся: у нас будзе больш за 200 сваіх назіральнікаў. Будзем супрацоўнічаць з усімі астатнімі кандыдатамі. Для нас усе дэмакратычныя кандыдаты роўныя».

Падчас прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін сказаў, што ўлічваючы скіраванасьць кампаніі «Гавары праўду» на супрацу з актуальным рэжымам, нельга разьлічваць на абсалютную сумленнасьць і абʼектыўнасьць іх назіральнікаў.

Камэнтуючы гэтыя выказваньні Андрэй Дзьмітрыеў адзначыў, што ён робіць высновы згодна з практыкай.

«Практыка такая, што „Гавары праўду“ назірала ў 2010 годзе, у 2012-м, 2014-м і 2015-м гадах. І ніколі не было праблемаў ці нараканьняў на назіральнікаў ад „Гавары праўду“. Таму тое, што некаторым цяпер здаецца, не адпавядае рэчаіснасьці. „Гавары праўду“ заўсёды рабіла абʼектыўнае назіраньне, мы падтрымлівалі і падтрымліваем усе зьмены, пра якія кажа сёньня АБСЭ. Тацяна Караткевіч падчас сваіх міжнародных паездак шмат пра гэта гаворыць, і яны пра гэта чуюць. І мы выдатна разумеем, што цяпер такая пазыцыя выклікана зусім ня боязьзю Марголіна за абʼектыўнае назіраньне. Гэта выклікана ўнутрыпалітычнымі спрэчкамі. Агульная справа страціла вагу праз вось такія вузкія карпаратыўныя „інтарэсікі“. Шкада, але будзем працаваць далей».

Цяпер кампанія «Права выбару» складаецца з 8 дэмакратычных арганізацый: АГП, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду», аргкамітэт па стварэньню партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», незалежны прафсаюз РЭП, партыя «Зялёная» і аргкамітэт па стварэньню «Партыі свабоды і прагрэсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG