Тым часам на Майдане
Беларусы Ўкраіны зьбіраюцца на сьвяточны мітынг на плошчы Незалежнасьці ў Кіеве.
Тым часам у Віцебску і Воршы
Затрыманы жыхар Віцебску Мікола Качурэц, які выйшаў да помніка князю Альгерду зь бел-чырвона-белым сьцягам. Зараз ён знаходзіцца ў Кастрычнікі РАУС.
Аршанскі актывіст Генадзь Шэпелеў фатаграфаваўся з бел-чырвона-белым сьцягам каля помніка Караткевучу ў Воршы. Да яго падышлі міліцыянты і перапісалі асабістыя дадзеныя. Потым патэлефанавалі і загадалі зьявіцца ў пастарунак па месцы жыхарства — у Барані.
Віцяблянін Уладзімер Булаўскі паведаміў у Фэйсбуку, што дваіх віцебскіх школьнікаў, якія паехалі ў Менск на сьвяточныя імпрэзы, паставілі на ўлік у інспэкцыю па справах непаўналетніх.
Затрыманая група назіральнікаў «Вясны»
На Якуба Коласа ў Менску затрымана каля 30 чалавек
Затрыманьні адбываюцца адвольна, але не брутальна.
Тым часам затрыманыя таксама супрацоўнікі «Белсату» Андрусь Козел, Ігар Ільяш і Кацярына Бахвалава.
Хапун на Коласа
На менскай плошчы Якуба Коласа каля 100 чалавек (колькі зь іх актывістаў, а колькі журналістаў і «людзей у цывільным», сказаць цяжка). Праходзяць затрыманьні актывістаў і мінакоў — пакуль затрымалі «для праверкі дакумэнтаў» каля 20 чалавек.
«А вы патриотка? Пройдёмте»
Гэта сказаў міліцыянт падчас затрыманьня жанчыны на плошчы Якуба Коласа.
На плошчы Якуба Коласа ў Менску першыя затрыманьні, каля 10 чалавек
Праваахоўнікі затрымалі тых, хто спрабаваў пранесьці на плошчу бел-чырвона-белыя сьцягі, «для высьвятленьня асобы». Падобна, затрымліваюць таксама выпадковых мінакоў.
Міліцыянт папрасіў журналістаў не працаваць там, дзе ідуць затрыманьні.
Паплечнікі Міколы Статкевіча падавалі заяўку на шэсьце з плошчы, улады забаранілі мерапрыемства.
Жывая відэатрансьляцыя Свабоды зь Менску, Горадні, Прагі і іншых гарадоў
Актывіст Беларускага нацыянальнага кангрэсу з Віцебску Ўладзімер Кійко паведамляе, што заблякаваны людзьмі ў цывільным у сваёй кватэры. Ля пад'езда стаіць машына УАЗ.
Напярэдадні ён зьвяртаўся да мясцовых уладаў па дазвол на сьвяточную акцыю — на шэсьце па пешаходнай вуліцы Суворава ад помніка князю Альгерду да помніка пісьменьніку-земляку Ўладзімеру Караткевічу. Акцыя была забаронена.
Важна: не «бэнээр»!
Беларуская Народная Рэспубліка — БЭ-ЭН-ЭР. На заходніх мовах прыметнік „народная“ найлепш перадаваць як «дэмакратычная». Такі фармат назваў — звычайна «выбухны зычны + Э» і «Э + невыбухны зычны» — стварылі яшчэ рымляне.
Пра тое, чаму рэспубліка была «Народная» і чаму за сваю францускую яны ня мусяць выбачацца, расказвае Вінцук Вячорка.
Праваабаронцы «Вясны» ацанілі тое, як улады паводзілі сябе падчас мітынгу-канцэрту КХП БНФ 24 сакавіка ў Менску. З пазытыўнага: мерапрыемства насіла мірны характар, акцыя была дазволеная, праваахоўнікі не перашкаджалі.
Але ёсьць заўвагі: сам той факт, што патрэбныя дазволы на такія акцыі, што іх могуць адвольна забараніць, гэта «непрапарцыйнае абмежаваньне права на мірныя сходы». Акцыю пільнавалі «людзі ў цывільным», якіх немагчыма было ідэнтыфікаваць, яны не рэагавалі на канфліктныя сытуацыі.
Самае цікавае: «Супрацоўнікі камунальных службаў паказальна прыбіралі бліжэйшую парковачную пляцоўку, калі на самім месцы правядзеньня сьнег прыбіралі арганізатары».
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла з Прагі:
У Слоніме затрыманы актывіст, які зьбіраўся ехаць у Менск на сьвяты
Івана Бедку затрымалі побач з ягоным домам. Аб гэтым ён паведаміў Свабодзе праз тэлефон. Паводле Бедкі, ён выйшаў з дому і накіроўваўся на маршрутку з тым, каб ехаць у Менск на сьвяткаваньні 100-годдзя БНР.
«Мяне вядуць у міліцыю, ніякіх прычынаў затрыманьня ніхто не патлумачыў», — пасьпеў праз тэлефон сказаць Бедка.
Слонімскі актывіст Алесь Масюк, які чакаў маршрутку на прыпынку са сваімі сябрамі, паведаміў Свабодзе, што за імі відавочна таксама сочаць міліцыянты.
Аўтазакі па-ранейшаму сьцягваюць у цэнтар Менску — раней улады адхілілі заяўку на шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, хоць дазволілі канцэрт ля Опэрнага тэатру і шэраг імпрэзаў у дзясятках гарадоў.
Мікола Статкевіч затрыманы ля свайго дома ў Менску?
Гэта сьцьвярджае ў Telegram-канале «Тунеядцы Беларуси» сусед палітыка. Тэлефоны Міколы Статкевіча і ягонай жонкі Марыны Адамовіч не адказваюць.
Мікола Статкевіч быў ініцыятарам правядзеньня шэсьця 25 сакавіка ў Менску. Заяўку ягоных паплечнікаў адхілілі, шасьцёрых затрымалі напярэдадні.
Цяпер у Беларусі працягваюцца прэвэнтыўныя затрыманьні. Пры гэтым канцэрт у Менску і шэраг імпрэзаў дазволеныя практычна па ўсёй Беларусі.
Жыхары Віцебску, якія выправіліся сьвяткаваць у Менск, паведамляюць у сетках пра перапісваньне асабістых зьвестак у ранішнім цягніку. Міліцыя перапісвала зьвесткі моладзі зь бел-чырвона-белай сымболікай на віцебскім вакзале, і кантралявала выхад з цягніка на менскім.