Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспрацоўнага актывіста аштрафавалі за плякат «Працу!»


Мікалай Колас — справа
Мікалай Колас — справа

Актывіста зь Дзяржынскага раёну Мікалая Коласа аштрафавалі на 20 базавых велічынь за ўдзел у мітынгу салідарнасьці з прадпрымальнікамі, які прайшоў у Менску 15 лютага.

Пастанову вынесла судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Вікторыя Шабуня 14 сакавіка.

«З усьмешкай дала мне штраф ды яшчэ параіла больш не пратэставаць, а ўдзельнічаць у „круглых сталах“ ці іншымі спосабамі даносіць сваю пазыцыю да ўлады. Але як гэта зрабіць, калі працы няма, двойчы давялося ліквідаваць статус ІП, няма грошай на выплату ранейшага штрафу, а тут абкладаюць новым? А ёй весела...» — апавёў Мікалай Колас пра працэс, які вяла Вікторыя Шабуня.

15 лютага на Кастрычніцкую плошчу Мікалай Колас выйшаў з плякатам, на якім было напісана адно слова — «Працу». Паводле Мікалая Коласа, падчас мітынгу да яго ніхто зь міліцыянтаў не падыходзіў, пра парушэньне не папярэджваў, пратакол на яго не складалі. Між тым у судзе сьведкі-міліцыянты казалі адваротнае. Сытуацыя паўтарылася 22 лютага, на другім мітынгу ў падтрымку прадпрымальнікаў. Сёньня Мікалай Колас атрымаў па пошце пратакол, нібыта складзены адносна таго парушэньня. «Цяпер буду чакаць суду, зноў дадуць некалькі дзясяткаў базавых, сплаціць якія ня маю магчымасьці», — сказаў карэспандэнту Свабоды Мікалай Колас.

Былы кіроўца Мікалай Колас вядомы ўдзелам у акцыях пратэсту з 2013 году. Шмат на якія акцыі Колас выходзіў у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь» ды іншымі апазыцыйнымі заклікамі. Да «лібэралізацыі», якая пачалася ў канцы 2015 году, Мікалая Коласа за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях некалькі разоў каралі адміністрацыйнымі арыштамі, цяпер штрафуюць на вялікія сумы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG