Разгляд справы пачнецца аб 11-й гадзіне.
Раней два суды ўжо аштрафавалі палітыка агулам на 7,5 мільёна рублёў за шэсьце ў Курапаты і ў Лошыцу.
Цяпер паводле пратаколу Юрася Беленькага вінавацяць у тым, што ён правёў мітынг у Курапацкім лесе, «не прыняўшы належных мераў па ахове грамадзкага парадку, чым парушыў парадак арганізацыі мітынгу».
«Так напісана, а пытаньне тычыцца аплаты. Якім чынам і што там будзе выстаўлена у віну, я ў судзьдзі спытаю. Бо прайшлі ўжо два суды, і па адной і той жа фармулёўцы кожны суд выстаўляе нібыта розныя абвінавачваньні. Таму для мяне гэта загадка, што будзе на трэці раз», — сказаў напярэдадні карэспандэнту Свабоды Юрась Беленькі.
Чым выклікана такая ўвага ўладаў да праведзеных КХП-БНФ акцыяў?
«Тут абсалютна відавочна: палітычная дзейнасьць партыі стала заўважнай у грамадзтве. Нашы ацэнкі і прагнозы цяпер, асабліва на фоне падзеяў ва Ўкраіне, спрацоўваюць на сто працэнтаў. Раней нашы ацэнкі некаму здаваліся фантастычнымі, далёкімі ад рэаліяў, а цяпер на сто працэнтаў рэалізаваліся і аказаліся праўдай. Таму відавочна: ідзе прэсінг на тых асобаў, якія такія палітычныя прагнозы, ацэнкі і прапановы даюць грамадзтву», — адзначыў Юрась Беленькі.
17 лістапада Першамайскі суд Менску пакараў Юрася Беленькага штрафам у тры мільёны рублёў і прызнаў яго вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства — шэсьця ў Курапаты 2 лістапада на Дзяды. Суд прызнаў вінаватым Беленькага ў неаплаце выдаткаў на ахову.
Палітык ужо абскардзіў гэтае рашэньне суду.
28 лістапада Ленінскі суд Менску аштрафаваў Юрася Беленькага на 4,5 мільёна рублёў за арганізацыю дазволенага шэсьця ў Лошыцкі Яр 9 лістапада. Паводле суду Беленькі ня выканаў рашэньне Менгарвыканкаму пра аплату паслуг міліцыі, якая забясьпечвала парадак на мерапрыемстве. Гэтае рашэньне суду Юрась Беленькі зьбіраецца абскардзіць.
Раней Юрась Беленькі сказаў Свабодзе, што ні ад каго з заяўнікаў не патрабуюць грошы за шэсьці, акрамя КХП БНФ.