Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска ў Грэцыі: многія грэкі расьпешчаныя, бо ведаюць, што Эўропа ўсё роўна дапаможа


Сьцяг Грэцыі і Эўразьвязу
Сьцяг Грэцыі і Эўразьвязу

Многія экспэрты ўсё больш схіляюцца да таго, што курс адзінай эўрапейскай валюты цяпер у руках Грэцыі.

На іх думку, калі Атэнам ня ўдасца своечасова выплаціць доўг Міжнароднаму валютнаму фонду, эўра проста абрынецца: фінансавыя абавязаньні краіны, роўнай паводле людзкіх рэсурсаў Беларусі, складаюць вялізную суму — 250 мільярдаў эўра. Дзеля параўнаньня, зьнешні доўг Беларусі меншы ў сем разоў — праўда, «дзякуючы» перадусім таму, што крэдытныя лініі, за рэдкім выключэньнем, Менску не адкрывае ніхто, апроч Расеі.

Рызыка істотнага «прасяданьня» эўразоны ўсё больш рэальная. Да 30 чэрвеня грэцкі ўрад мусіць пагасіць запазычанасьць перад МВФ у памеры больш як 1,5 мільярда эўра. Аналітыкі выказваюць скепсіс наконт такой магчымасьці, бо дзяржаўны бюджэт мае калясальны дэфіцыт.

Перамовы, якія атэнскія эмісары вядуць у Брусэлі з Эўрапейскай камісіяй, Эўрапейскім цэнтрабанкам і ўсё тым жа МВФ пра чарговы транш фінансавай дапамогі, бясплённыя: крэдыторы адмаўляюцца абмяркоўваць новую праграму, пакуль у Грэцыі не пачнуцца маштабныя рэформы. У сваю чаргу, грэцкія ўлады на чале з прэм’ер-міністрам Алексісам Цыпрасам адхілілі патрабаваньні скараціць дзяржаўныя выдаткі, прыватызаваць дзяржкампаніі, падвысіць падатак на дададзеную вартасьць ды зрабіць іншыя захады, накіраваныя на зьніжэньне зьнешняга доўгу.

У адказ на гэта МВФ адклікаў з Брусэля сваіх перамоўнікаў, спаслаўшыся на адсутнасьць хоць якога паразуменьня. Прэзыдэнт Эўразьвязу Дональд Туск заклікаў урад Цыпраса як найхутчэй вызначыцца з пазыцыяй, бо на «гульні» ўжо не застаецца часу.

«Блізіцца момант, калі хто-небудзь скажа, што гульня скончана», — папярэдзіў Туск.

Аналітыкі не выключаюць, што адсутнасьць паразуменьня можа прывесьці да выхаду Грэцыі з эўразоны. Гэта, у сваю чаргу, пагражае частковым дэфолтам, а значыць, «згараць» мільярды эўра ў капіталах банкаў, якія крэдытавалі эканоміку краіны. Зрэшты, нават у выпадку частковага сьпісаньня дзяржаўны доўг Грэцыі складае больш за 300 мільярдаў эўра, што ўтрая перавышае дапушчальную для Эўразьвязу лічбу: максымальны памер не павінен перавышаць 60% ад ВУП краіны, а там гэты паказьнік на ўзроўні 175%.

Якім чынам эканоміка гэтай балканскай дзяржавы дайшла да такога стану? Улады ці самі грамадзяне вінаватыя ў тым, што прызвычаіліся жыць за кошт усё новых і новых пазыкаў? Ці напрацавалі грэкі на цяперашні сярэдні заробак у 1265 эўра? Пры той жа колькасьці насельніцтва і ня менш разьвітай эканоміцы заробкі ў Беларусі меншыя на парадак.

Жыхарка Гарадзеншчыны Вольга Шчасная некалькі гадоў адпрацавала ў розных гарадах Грэцыі, у асноўным даглядала хворых пэнсіянэраў. Упершыню трапіла туды яшчэ да таго, як у 2002-м разьліковай адзінкай стаў эўра. Паводле яе назіраньняў, хоць краіна фармальна і ахоплена глыбокім крызісам, але колькасьць замежнікаў, якія працуюць у прыватным сэктары нянькамі, сядзелкамі, садоўнікамі, хатнімі памочнікамі, за апошні час ня зьменшылася. І гэта ў краіне, насельнікі якой скардзяцца на «катастрафічнае зьбядненьне».

Ці адпавядае рэальнасьці распаўсюджаная думка, што найперш самі людзі ня хочуць рэжыму жорсткай эканоміі, спадзеючыся на чарговую падтрымку звонку?

Вось чаму дзівісься: ледзь ня ў кожнай сям’і свая „чэлядзь“, як правіла, замежнікі

«Не магу казаць за ўсіх — хочуць яны насамрэч працаваць ці не. Але скажу шчыра: у пэўныя моманты такія думкі прыходзілі. Я хоць і жыла ў доме на ўскрайку Атэнаў, але ж усюды людзі, даводзілася кантактаваць. Дык вось чаму дзівісься: ледзь ня ў кожнай сям’і свая „чэлядзь“, як правіла, замежнікі. Шмат выхадцаў з Балканаў, але нямала і славянаў, асабліва ўкраінцаў. То бок не мясцовыя — ім такія ўмовы можна нават не прапаноўваць. Я, прыкладам, бязвылазна сядзела пры фактычна спаралізаваным старым. У яго шмат радні, ёсьць і дзеці, і ўнукі, але ніхто да сябе ўзяць не захацеў. Зразумела, што цяжка, бо трэба яго і пераслаць, і памыць. Мне за гэта плацілі 600 эўра, ну і плюс я была на поўным пансіёне. Але паверце: гэта ня тыя грошы, на якія пойдзе працаваць хтосьці з грэкаў».

Многіх грэкаў суразмоўніца называе «расьпешчанымі». Па яе словах, ня надта рвуцца на працу, але сьвята трымаюцца традыцыяў — напрыклад, пасьляабеднага рэляксу, які часьцяком зацягваецца да вечара і плаўна пераплывае ў падрыхтоўку да начнога сну. Але калі ў каго запытаць, ці хацелі б вярнуцца да колішняй драхмы, то адказ будзе адмоўны — у такім разе давядзецца спадзявацца толькі на сябе:

«Расьпешчаныя, так. Бо ведаюць, што ім у любым выпадку дапаможа тая ж Нямеччына. Я ж памятаю, як раней у іх заробкі былі ў эквіваленце дзесьці даляраў 500, калі пераводзіць з драхмы. А з уводам эўра і прывядзеньнем прыбыткаў да сярэднеэўрапейскіх аўтаматычна пачалі атрымліваць удвая, а то і ўтрая больш. Гэта пры тым, што асабліва перапрацоўваць ня сталі. Менавіта з гэтай прычыны, як мне падаецца, бальшыня грэкаў і ня хочуць вяртаньня да драхмы, бо баяцца, што тады заробкі абваляцца да ранейшага ўзроўню. Пры эўра такой небясьпекі няма: эўрапейцы на публіцы будуць абурацца, але на рэзкае зьніжэньне ў заробках ня пойдуць».

У 2010 годзе Грэцыя некалькімі траншамі атрымала крэдыт у памеры блізу 250 мільярдаў эўра. Надышоў час грошы паступова вяртаць, але грэкі настойваюць, што з аб’ектыўных прычын зрабіць гэта нерэальна, таму Эўразьвяз мусіць даўгі сьпісаць. Няйначай як «нахабнай» была названая спроба выставіць сустрэчны пазоў да Нямеччыны за «нацысцкую акупацыю падчас Другой усясьветнай вайны», што перапоўніла чашу цярпеньня афіцыйнага Бэрліну. З крытыкай на адрас Атэнаў выступаюць шмат якія чальцы Эўразьвязу, якія не разумеюць, чаму гэтая краіна вось ужо колькі гадоў карыстаецца «асаблівым статусам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG