Сёлета 19 верасьня мы адзначалі 26-ю гадавіну прыняцьця нацыянальных сьцяга і герба ў якасьці дзяржаўных. Спадзяюся, ужо маем Дзень нацыянальных сымбаляў і на наступныя гады. Кагадзе сьцяг як сымбаль беларускага нонканфармізму пралунаў на полі „Барысаў-Арэны“. Маем нагоду сказаць пра яго моўную характарыстыку.
Прыметнік бел-чырвона-белы незвычайны — ня толькі таму, што „траісты“, але і словаўтварэньнем. Звычайна складаныя прыметнікі колеру з суфіксам -а: блакітна-жоўты, чорна-жоўта-чырвоны і пад. А тут чамусьці бел-.
Адкуль такая форма? Кароткія прыметнікі й дзеепрыметнікі (і так званыя іменныя формы, і сьцягнутыя поўныя) не ўласьцівыя сучаснай беларускай літаратурнай мове, дый гаворкам таксама. Ані як азначэньні, ані ў ролі выказьнікаў (гэта тыпова для расейскае мовы). Мы ня кажам „сяржант быў зол“, „дзядуля ўжо зусім сіў“, „праект напісан“, а толькі злы, сівы, напісаны.
Але маем вынятак. Кароткія прыметнікі ў ролі азначэньняў — яскравы атрыбут паэтычнага стылю беларускіх народных песень і выслоўяў: зялён гай падмяцён; ні бела лічка, ні чорны бровы; сінь васілёчак, сіў галубочак; зеляно віно; хіцер Зьміцер; дабёр бабёр; саладок мядок; ясен месячык і г.д.
Форма прыметніка бел- увайшла ў паэтычную мову новага часу. Напрыклад, у Купалаву:
„Песьняры“. Рок-опэра „Гусьляр“. 1979
Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел-сьвет,
Не такую задумаў ты думу...
(Паэма „Курган“. Бел-сьвет тут — ня фірма асьвятляльных прыладаў!))
Заўважыў гэтую рысу нашае мовы і сабраў прыклады Яўхім Карскі. Ён жа знайшоў складаны прыметнік ідэнтычнай бел-чырвона-беламу будовы, толькі ня трох-, а двухкампанэнтавы: бел-кудравы – з народнай песьні, запісанай на Случчыне.
Мо таму слуцкія паўстанцы ўспрынялі прыметнік бел-чырвона-белы натуральна? Гэта ж сярод іх найперш загучаў „Ваяцкі марш“ з музыкай Уладзімера Тэраўскага на апублікаваны ў кастрычніку 1919 году верш Краўцовага Макара. Марш хутка стаў гімнам Беларускае Народнае Рэспублікі:
Хор беларускіх студэнтаў Лювэнскага ўнівэрсытэту пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага
Няхай жыве магутны, сьмелы
Наш беларускі вольны дух.
Штандар наш бел-чырвона-белы,
Пакрый сабой народны рух!
Зразумела, форма бел-чырвона-белы тут дзеля памеру радка. Але яна ня выклікала адмоўнага стаўленьня ці крытыкі. Слова дынамічнае, яно само па сабе гучыць як паэтычны радок у памеры трохстопнага харэю. Працытую Сержука Сокалава-Воюша, „Слоўнік Свабоды“:
„…Калі бел-чырвона-белы сьцяг вярнуўся ў актыўнае палітычнае жыцьцё Бацькаўшчыны, некаторыя мовазнаўцы спрабавалі абвінаваціць новых нацыяналістаў у няведаньні роднае мовы. Яны нават не падазравалі, што бел-чырвона-белы -- гэта ўжо беларускі геральдычны тэрмін…“
Так, і ён можа нават ужывацца асобна, як назоўнік: Вазьму свой бел-чырвона-белы. Унікальныя словы ці выразы менавіта для пэўнага сьцяга ўжываюць і ў іншых мовах.
Скажам, Union Jack для брытанскага, la Rojigualda ‘чырвона-залатая’ для гішпанскага дзяржаўных сьцягоў, Oriflamme (ад лац. aurea flamma ‘залатое полымя’) для баявога сьцягу сярэднявечнага Францускага каралеўства.
Слова бел-чырвона-белы за 98 гадоў стала фактам беларускае мовы дый сыстэмы нацыянальных каштоўнасьцяў, загучала ў вершах, песьнях, гістарычных працах, публіцыстычных тэкстах і ў мове звычайных людзей:
На гэты момант Ґуґаль фіксуе 125 000 ужываньняў бел-чырвона-белы (на 33 600 фармальнага бела-чырвона-белы). Значыць, Краўцоў Макар — аўтар прынамсі аднаго слова, якое навечна ўвайшло ў беларускую літаратурную мову.
***
Але які менавіта з чырвоных колераў на нашым сьцягу? На гэтае колеразнаўча-мовазнаўчае пытаньне адкажам у наступным тэксьце.