«Я — машынка «Зінгер», — кажа Таболіч. Колькі ён зрабіў татуіровак зь беларускім арнамэнтам, згадаць ня можа. Але кажа, што самую першую зрабілі яны з жонкай. Рабілі сьвядома, доўга думалі, выбіралі малюнак. Цяпер іхні фатаздымак з добра пазнавальнай чырвонай стужкай на руцэ вісіць у салёне «Ў лісіцы», дзе працуе Алесь.
Нядаўна Таболіч запосьціў ва «Ўкантакце» фатаздымак аргентынскай пары: у Менску яны зрабілі сабе беларускае тату.
«Наш арнамэнт іх зьдзівіў, — кажа Алесь. — Мы прыяжджаем у Італію, Гішпанію, хочам увабраць тое, што зьвязана з гэтым народам. Нам не цікава прывозіць тыя ж самыя шмоткі, што ёсьць паўсюль у Эўропе. Нам хочацца нейкай адметнай культуры. І вось аргентынцам гэты вобраз спадабаўся менавіта праз тату».
Алесь прызнае, што на тату з арнамэнтам ёсьць «мода», але кепскага ў гэтым нічога ня бачыць. Людзі вязуць зь Беларусі вышыванкі, льняную бялізну, магніцікі зь бібліятэкай і тату з нацыянальным арнамэнтам.
«Прыяжджала зусім нядаўна з Расеі алімпійская чэмпіёнка па веславаньні і набіла беларускі арнамэнт. Я пытаюся: „А што, у Расеі няма сваіх арнамэнтаў?“ Яна кажа: „А ў вас больш прыемны, паказальны, кайфовы, чым нашыя свастычныя, рунічныя вобразы“. Яна ў захапленьне прыйшла і таму зрабіла. Гэта вызначальная тэндэнцыя, што да нашай культуры ставяцца з павагай».
«Нашае беларускае стала ўжо ўсясьветна вядомым, — працягвае Алесь. — Больш і больш людзей прыяжджаюць з замежжа і пачынаюць рабіць сабе татушкі. І з розных рэгіёнаў. А бывае і такое: хлапец пазаўтра зьяжджае на сталае жыхарства ў Канаду, прыбягае, кажа — «хачу тату. Каб частка жыцьця, якую пакінуў тут, засталася са мной».
Зьміцер, якому Алесь робіць татуіроўку пры нас, кажа, што 6 гадоў выношваў ідэю зрабіць арнамэнтальнае тату. Падвечар ягонае перадплечча будзе ўпрыгожваць чырвона-чорны ўзор.
«Падабаецца мне беларуская культура. Хацелася татуіроўку, а тут яшчэ інтарэс да культуры, чаму б не сумясьціць, — тлумачыць ён сваё рашэньне. — Малюнак выбіраў па ўласных адчуваньнях і падабенстве ідэалёгіі. Але адназначна трактаваць арнамэнт нельга. Ёсьць толькі агульны пасыл — дабрыня і шчырасьць».
Па словах Алеся, глыбока ўнікае ў сэнс арнамэнту ня кожны. Хіба 10 працэнтаў са 100, кажа ён.
«Сам сэнс арнамэнту — чырвоны, белы і чорны колер — ён бліжэй да беларуса і славянскай душы. Белы — гэта душа, чырвоны — агонь, жыцьцё, кроў, каханьне. І чорны — гэта зямля. Тры асноўныя чалавечыя колеры, якія ёсьць аснова, — тлумачыць Таболіч. — Я лічу, што калі людзі робяць арнамэнты, гэта духоўна вялікія людзі. Яны асэнсоўваюць тое, што яны робяць».
Чырвоны арнамэнт на целе выглядае настолькі ўнікальна, што па ім людзі пазнаюцца наўпрост.
«Я ў Турэччыне сустрэў хлопца з арнамэнтам. Адразу скажу, што ня я рабіў, — пераказвае Алесь выпадак з жыцьця. — Але мы пазнаёміліся ў адной краіне і знайшлі адзін аднаго менавіта па арнамэнтальных сымбалях, і пасябравалі. Гэта таксама кайфовая рэч, што людзі праз нацыянальныя моманты могуць знайсьціся ў іншай краіне».
Арнамэнт пацясьніў «моду» ня толькі на толькі на руны і герогліфы, але і на нацыянальныя сымбалі. Раней, кажа Алесь, масава набівалі сабе «Пагоні», а яго гэтая мода хутчэй сьмяшыла.
«Быў такі час, год ці два, калі ўсе „Пагоню“ на плячы набівалі. Я заўсёды сьмяяўся, бо выглядала, нібыта шаўрон наклеіў. І ўсе аднолькавыя — „пагоня, шчыт, чырвоным замалявана“. Гэта як котачак з матылямі на паясьніцах рабілі», — усьміхаецца ён.
На яго думку, «Пагоня» — усё ж занадта палітызаваны сымбаль.
«Як бы ні хацелася, ты ў соцыюме жывеш, і ён па-рознаму да гэтага ставіцца, да розных сымбаляў, — кажа Алесь. — Ня памятаю, каб у нас набівалі дзяржаўны сьцяг і герб. Пры мне такога ніколі не было. „Пагоняў“ шмат рабілі. Але тэндэнцыя адышла з прыходам больш правільнага падыходу. Палітыка палітыкай, а душа душой».
А вось арнамэнт, упэўнены Таболіч, людзей не разьядноўвае, а аб’ядноўвае.
Аднаго разу па арнамэнтальнае тату прыехала ў салён дзяўчына з Гомеля і расказвала пра сваю любоў да прэзыдэнта Лукашэнкі.
«Гэта культурніцкі аспэкт, які заўсёды заставаўся, незалежна ад палітычных густаў і поглядаў на жыцьцё, — кажа Таболіч. — Гэта было стагодзьдзямі. І да гэтага людзі заўсёды ставіліся з павагай».
Цяпер, кажа Алесь Таболіч, людзі прыяжджаюць да нас у краіну, каб пакінуць у сябе на скуры гэтыя сымбалі.
«Ня толькі арнамэнты, а тое, што падабаецца. Выяву касьцёла могуць набіць, — тлумачыць ён. — Яны пакідаюць душу народу і традыцыі, вязуць гэта да сябе. Гэта кайфова. Галоўнае, каб не было страчана тое, што мы маем сваю дзяржаўнасьць і незалежнасьць. І людзі імкнуцца абазначыць сябе ў прыналежнасьці да Беларусі. Гэта клясная тэндэнцыя».