Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Беларусь супрацоўнічае з НАТА


На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка выказаўся за пашырэньне супрацы з НАТА. Ці гэта азначае нейкі паварот у зьнешняй палітыцы Беларусі? Як Беларусь цяпер супрацоўнічае з Паўночнаатлянтычным альянсам?

З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да старэйшага аналітыка Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніса Мельянцова. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Мельянцоў: Гэта ня новыя заявы. І міністар замежных справаў некалькі разоў пра гэта казаў, і Лукашэнка — што мы за пашырэньне і паглыбленьне адносінаў з НАТА. Зараз склалася спрыяльная сытуацыя, калі можна пра гэта нагадаць.

У нас пра НАТА і пра стасункі з гэтай арганізацыяй ведаюць вельмі мала, інфармацыі пра супрацу ў публічнай прасторы амаль няма. Гэта адмысловая палітыка дзяржаўных СМІ. Улады з аднаго боку ня хочуць раздражняць Расею, паказваючы, што ў нас добрыя адносіны з Альянсам, зь іншага боку, яны не хацелі б каламуціць грамадзтва, бо не сакрэт, што падтрымка НАТА ў беларускім грамадзтве досыць нізкая.

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

РС: Якія цяпер стасункі Беларусі з Паўночнаатлянтычным альянсам?

Мельянцоў: На тэхнічным узроўні адносіны з НАТА разьвіваюцца даўно і досыць пасьпяхова. Яны пачаліся яшчэ на пачатку 90-х, калі Беларусь далучылася да праграмы «Партнэрства дзеля міру», куды былі запрошаныя ўсе краіны былога сацыялістычнага лягеру і постсавецкія краіны. Потым Беларусь далучылася да наступнай праграмы супрацоўніцтва з НАТА — гэта так званая сыстэма PARP (працэс ацэнкі плянаваньня сілаў).

Галоўная мэта гэтай праграмы — дапамога з боку НАТА краінам-партнэрам у рэфармаваньні ўзброеных сілаў і ў падрыхтоўцы гэтых сілаў да магчымасьці праводзіць сумесныя апэрацыі з Альянсам. У Беларусі гэтая праца вялася на заканадаўчым узроўні, у 2005 годзе былі прынятыя ўсе патрэбныя законы, каб беларускія вайскоўцы маглі ўдзельнічаць у апэрацыях за мяжой. Згодна з гэтым заканадаўствам была створаная першая міратворчая рота, якая базуецца ў Віцебску. Пад эгідай НАТА яны ўжо некалькі разоў удзельнічалі ў вучэньнях.

У межах праграмы PART выдзелены кантынгэнт, які можа ўдзельнічаць у натаўскіх мерапрыемствах. У гэты кантынгэнт уваходзіць транспартны самалёт Іл-76, патрульны ўзвод, вайсковыя мэдыкі, штабныя афіцэры.
Некалькі гэтых штабных афіцэраў і ваенных мэдыкаў удзельнічаюць у міратворчай апэрацыі пад эгідай ААН у Лібане.

Ёсьць штогадовая праграма ўзаемадзеяньня з Альянсам, колькасьць сумесных мерапрыемстваў там штогод павялічваецца. Сёлета іх больш за сотню. Гэтая супраца ідзе па лініі міністэрстваў абароны і па надзвычайных сытуацыях. Сьпіс мерапрыемстваў: ад моўных курсаў для беларускіх афіцэраў на базах НАТА ў Бэльгіі да вучэньняў па радыяцыйнай і бактэрыялягічнай бясьпецы, адпрацоўцы мерапрыемстваў па транзыце небясьпечных грузаў і г. д. Таксама Беларусь пэўным чынам задзейнічаная ў натаўскай апэрацыі ў Аўганістане. Мы забясьпечваем транзыт вайсковых грузаў у Аўганістан і з Аўганістану.

РС: Вайсковых ці невайсковых?

Мельянцоў: Вайсковых. У 2011 годзе была заключаная дамова, што гэта будуць нелетальныя грузы — вопратка, прыборы і г. д., у 2013 годзе, наколькі мне вядома, было заключанае пагадненьне, што можа правозіцца і ўзбраеньне. І быў заключаны дадатковы пратакол, што можа быць рэвэрсіўны транзыт. Зараз адбываецца вывад войскаў НАТА з Аўганістану, гэта таксама часткова ідзе празь Беларусь. І дазапраўка натаўскіх самалётаў таксама адбываецца ўжо некалькі гадоў на беларускіх аэрадромах.

РС: Як гэтая практыка, пра якую вы распавялі, стасуецца зь ягонымі ж заявамі пра тое, што НАТА бразгае зброяй на межах Беларусі, умацоўвае сілы. Маецца на ўвазе, што гэта стварае нейкую пагрозу для Беларусі. І разам з тым гаворыцца, што Беларусь хоча пашыраць супрацоўніцтва з НАТА. Хоча супрацоўнічаць з тым, што ўяўляе для яе пагрозу?

Мельянцоў: Гэта палітычная заява. Любая канцэнтрацыя зброі на межах Беларусі — гэта пагроза, чыя б гэтая зброя ні была, нават бліжэйшага саюзьніка — Расеі. Зь іншага боку, трэба заўжды паказваць гэтаму нашаму галоўнаму саюзьніку, што ў нас на межах канцэнтрацыя сілаў, і што мы, як абяцалі, будзем класьціся пад натаўскія танкі ў выпадку чаго. Я б разглядаў бы гэтую заяву не ў вайскова-стратэгічным сэнсе, а ў чыста палітычным.

РС: Дзяніс, вы сказалі, што зараз «спрыяльная сытуацыя» для заявы Лукашэнкі пра пажаданасьць супрацы з НАТА. А наколькі яна спрыяльная? Расея і раней глядзела на НАТА, як на суперніка, а зараз успрымае Альянс, як ворага, расейскія і натаўскія баявыя самалёты ладзяць у паветры «двубоі нэрваў», як у гады «халоднай вайны». Усе кантакты паміж НАТА і РФ спыненыя. А тут саюзьнік Расеі займае такую пазыцыю.

Мельянцоў: Спрыяльная — можа і не зусім правільнае слова. Дакладней, ёсьць зачэпка, каб пра гэта гаварыць. З аднаго боку, паслаць мэсыдж Альянсу, што мы гатовыя з вамі гаварыць, з другога боку, паслаць мэсыдж і саюзьніку, што мы па-ранейшаму гатовыя класьціся пад натаўскія танкі. Тут і нашым, і вашым.

Я б больш успрымаў гэтую заяву як палітычную, бо вайсковай пагрозы ад мілітарызацыі краінаў НАТА няма. Там і ўзмацненьня вайсковай групоўкі рэальнага не адбываецца. Пакуль што ствараюцца штабы для разгортваньня сілаў хуткага рэагаваньня.

Нашы вайскоўцы і вайсковыя тэарэтыкі ня лічаць, што ад НАТА можа сыходзіць нейкая вайсковая пагроза. Пагрозу хутчэй можна чакаць ад паглыбленьня нестабільнасьці на паўднёвых межах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG