Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску сто «дармаедаў» прыйшлі да чыноўніка з адміністрацыі прэзыдэнта


17 лютага намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Мікалай Снапкоў прыехаў у Бабруйск, каб правесьці прыём грамадзян. З раніцы яго ўжо чакала каля сотні чалавек.

Запісвалі на прыём папярэдне праз тэлефон, на гарадзкіх форумах шмат камэнтароў пра тое, што было не дазваніцца. Было абвешчана, што Снапкоў будзе прымаць з 10 да 13. Прыём пачаўся каля 11, але хутка абвясьцілі, што з прычыны вялікага наплыву грамадзян ён працягнецца да канца працоўнага дня, паабяцалі прыняць усіх.

На сустрэчу з прадстаўніком адміністрацыі прэзыдэнта людзі прыйшлі з самымі рознымі пытаньнямі. Камусьці пры моцнай хваробе не даюць групу інваліднасьці, хтосьці разьбіраецца з аплатай за газ у балёнах, хтосьці спрабуе вырашыць спрэчкі з суседзямі.

Але большасьць прыйшла па праблемах, зьвязаных з дэкрэтам «аб дармаедах».

Алена Захаронак прыйшла адстойваць правы сваёй дачкі, якая жыве ў Асіповічах. Тая ў чэрвені мінулага году скончыла вучобу і паўгода не магла знайсьці працу. Уладкавалася толькі праз 184 дні пасьля вучобы — на адзін дзень больш, чым дэкрэт дазваляе быць бяз працы. І зь яе цяпер хочуць спагнаць падатак, прычым поўную суму.

— Мала што прыдумалі незразумела што, дык хоць бы градацыю нейкую трымалі, — не разумее спадарыня Алена. — За адзін лішні дзень плаціць як за год! Да таго ж малодшы сын захварэў на анкалёгію, дачку апякункай не афармлялі, каб не замінаць шукаць працу. Цяпер і лекі малому, прычым дарагія імпартныя, і падаткі за ІП, ды яшчэ й «дармаедзтва». Я ж не прашу ў дзяржавы грошай, нават на лячэньне. Але не забірайце, што ёсьць!

Збор подпісаў супраць прэзыдэнцкага дэкрэту працягваецца ў будынку гарвыканкаму
Збор подпісаў супраць прэзыдэнцкага дэкрэту працягваецца ў будынку гарвыканкаму

Актывістка прафсаюзу РЭП Галіна Сьмірнова прыйшла да намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, каб перадаць чарговую партыю подпісаў за адмену дэкрэту № 3.

— У мяне цяпер каля чатырох тысяч подпісаў, — кажа прадстаўніца бабруйскай суполкі Свабоднага прафсаюзу Галіна Сьмірнова. — Я ўжо даслала іх у Адміністрацыю афіцыйна, але перадам і копіі асабіста, каб пабачыў, што ўсё рэальна, уся гэтая велізарная колькасьць незадаволеных. А то раптам што на пошце здарыцца.

Збор подпісаў працягвалі й проста ў фае гарвыканкаму, дзе сабралася багата абураных «дармаедзкім» дэкрэтам. У тым, што такіх людзей шмат, прадстаўнік Адміністрацыі пераканаўся вельмі хутка.

Праз паўтары гадзіны пасьля пачатку абвясьцілі, што далей Снапкоў будзе прымаць не па запісе, а ў першую чаргу тых, хто па пытаньнях 3-га дэкрэту. «Іншыя могуць чакаць да канца, магчыма, трапяць».

Гэта выклікала абурэньне ў тых, хто прыйшоў па «звычайных» справах:

— А мы што, ня людзі?!

— У нас таксама пытаньні жыцьцёва важныя!

— Хацела заадно паглядзець, наколькі актыўны наш Бабруйск. Прыемна зьдзіўленая.

— Загналі ўсіх на паклон! Няма таго, каб яшчэ ўчора ўзяць і адмяніць усё — дык ім падабаецца, каб ім кланяліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG