Амаль тры гады жыхар вёскі Бабровічы Івацэвіцкага раёну Васіль Крот жыве ў склепе — пасьля таго як згарэла ягоная хата. Перабіваецца часовымі падзаработкамі і ня ведае, як адбудаваць жытло.
Карэспандэнты Свабоды наведалі 50-гадовага Крата ды распыталі, як ён жыве ў такіх умовах.
Надзел Васіля досыць вялікі, у пачатку двара — папялішча, дзе раней была хата. Крыху далей заўважаем склеп без вакон, дзе цяпер ён і жыве. Гаспадар якраз толькі прыйшоў, прынёс дахаты крыху ежы.
Напачатку Васіль неахвотна размаўляў з журналістамі, маўляў, «няма чаго тут пісаць». Але ўсё ж пагаджаецца паказаць, як жывецца ў склепе:
«Аднойчы былі ўжо пра мяне напісалі — маўляў, выпіўшы сам спаліў хату. Фактычна я і быў выпіўшы, але хату не паліў», — кажа Васіль.
Здаў 35 бутэлек і купіў курыных ножак
Заходзім у дзьверы, угінаючы галаву — памяшканьне сапраўды малое:
«Вось так і жыву: 3,2 мэтры на 3,2 мэтры — можна і ня мераць», — сьмяецца бабровіцкі пагарэлец.
Каля ўваходу стаіць печ, дзе Васіль гатуе есьці. Далей — ложак, над ім вісіць вопратка. На стале посуд, Васіль кладзе на яго хлеб і курыныя ножкі, якія прынёс толькі што.
«То бабуля дасьць ежы, то хлопцы. Вось ножкі курыныя — здаў 35 бутэлек і купіў. Рыбы, бывае, на вуду налаўлю», — кажа ён.
Спадар Крот кажа, што ня п’е ўжо некалькі месяцаў, таму што быў трапіў у лякарню:
«Ад курава адмовіўся год таму. Нядаўна і піць кінуў, бо моцна мяне націснула, думаў, ужо да Бога пайду. 9 дзён у рэанімацыі праляжаў. Карацей, мікраінсульт быў, правы бок адымаўся, і гаворка была такая, што ніхто ня мог разабраць, але неяк адышло».
Хацеў быць мараком-рыбаловам, а стаў паштальёнам
Спадар кажа, што даўно не працуе. Зрэшты, і працы ў Бабровічах няма. Таму перабіваецца часовымі падзаработкамі — дапамагае вяскоўцам па гаспадарцы. Раней быў паштальёнам — вазіў пошту з суседняй вёскі Выганашчы. А цяпер пошта абыходзіцца безь ягоных паслугаў.
«У маладосьці працаваў у калгасе, а з 1987-га — паштальёнам. Праўда, два гады парабіў і паехаў у мараходную вучэльню паступаць у Астрахані, у рыбалавецкі флёт. Пад Іран аднойчы пасьпеў схадзіць на караблі... А потым заваруха гэтая ў Абхазіі пачалася. Тапілі тых бежанцаў... Нагледзеўся я і зрабіў адтуль ногі. І назад на пошту ўладкаваўся, дзе рабіў у 1990–2010-х. А потым сталі пераводзіць то на 0,5 стаўкі, то на 0,25 стаўкі. 10 кілямэтраў паезьдзі ў Выганашчы».
Васіль кажа, што ў маладосьці захапляўся матацыкламі, меў калісьці некалькі менскіх. Цяпер няма ніводнага — перасоўваецца пешкі.
Пра здарэньне, калі згарэла хата, гаварыць ня хоча, але пераконвае: нічога не паліў:
«Хата дасталася мне ад дзядзькі роднага, 13 мэтраў дом быў...»
«Палілі ў хлявах...»
Усе продкі Васіля Крата паходзяць з Бабровічаў. Некаторыя, кажа ён, пацярпелі ў вайну, калі ў 1942-м нямецкія акупанты ладзілі карную апэрацыю «Балотная ліхаманка». У той верасень Бабровічы былі спаленыя разам з жыхарамі, якія не пасьпелі ўцячы ў лясы. Апроч Бабровічаў былі зьнішчаныя вёскі Тупічыцы, Вяда, Красьніца.
«Многія загінулі тады. Цётка была ў партызанскім атрадзе. А дзеда майго ў лес загналі і там застрэлілі. Усіх зганялі так ды стралялі. Іншых палілі ў хлявах...» — кажа Васіль.
«Нельга на папялішчы ставіць»
Спадар Крот кажа, што зьвязвае сваё жыцьцё толькі з Бабровічамі, дзе жылі ўсе ягоныя родныя. Калі пасьля пажару сельсавет прапанаваў яму хату ў суседніх Выганашчах, адмовіўся. Нядаўна прапанавалі іншы варыянт — перанесьці на свой надзел невялікую пустую хату, якая стаіць праз дарогу. Цяпер вось думае, як гэта зрабіць:
«Трэба неяк перацягнуць яе сюды. Галоўнае, каб яна не разбурылася, бо адразу пасьля вайны пабудаваная. Я б і вазочкам паперавозіў гэтыя бярвеньні. Няхай толькі аддаюць. Нядаўна мне сказалі, што адмовіліся гаспадары ад яе. Вось думаю, як пераставіць. На старое месца ня буду, бо, кажуць, нельга на папялішчы ставіць. А перад склепам можна было б. На падмурак неяк зьбяру, можа з радні хто дапаможа», — кажа Васіль.
У Васіля двое дзяцей, але яны не жывуць у Бабровічах і рэдка прыяжджаюць. Адзін сын увогуле зьехаў на заробкі ў Расею.
Вёска Бабровічы — маляўнічае месца, папулярнае сярод рыбаловаў і паляўнічых. Побач — Бабровіцкае возера, лясы, Выганашчанскі заказьнік. Апошнія гады тут купляюць надзелы і будуюць лецішчы начальнікі, бізнэсоўцы зь Менску і іншых гарадоў. Таму зямля досыць дарагая.