Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ажыятажу няма, валюты — вобмаль...»


На Гарадзеншчыне па-ранейшаму няма валюты ў свабодным продажы, прадаецца толькі тое, што здаюць у абменьнікі самі людзі.

У абменьніку «Беларусбанку» ў Горадні даляр купляюць за 14 550, а прадаюць за 14 600, эўра сягнуў сёньня пры здачы 17 200 рублёў а пры набыцьці — 17 300. Людзей побач з абменьнікамі практычна няма. Падыходзяць, пытаюцца і ідуць далей. Два студэнты з Туркмэніі хочуць здаць каля ста даляраў, але рэшты ў абменьніку няма, і яны мусяць ісьці далей, каб знайсьці іншы абменьннік, дзе ім змогуць даць рэшту.

Ад абменьніка «Белзьнешэканамбанку» адыходзяць дзьве дзяўчыны. Цікаўлюся — ці прадаюць там даляры?

Дзяўчына: «Сказалі — даляраў няма, зусім няма...»

Ейная сяброўка кажа, што думала — з валютай ужо праблемы ня будзе, але насамрэч ня так гэта проста.

Дзяўчына: «Па ідэі, ужо адмянілі гэтую камісію ў 30%, і цяпер даляр устанавіўся на гэтыя 14 550 — то, здавалася, будзе... Па-мойму, такая сытуацыя ўжо была некалькі гадоў таму, і мы ўжо да гэтага прызвычаеныя. Гэта вось расейцам цяпер вельмі нязвыкла зь іхнім курсам рубля...»

Малады чалавек таксама нічога не набыў у абменьніку і толькі махае на ўсё гэта рукой.

Спадар: «Напэўна, мы ў вялікім крызісе. Нездарма ж яны ўводзілі гэтыя 30% пры продажы валюты. Я ведаю, што зьнялі гэтыя 30%, але даляр застаўся па той самай цане, як і раней. І пры гэтым яго не купіць, што з тымі адсоткамі, што бязь іх».

Падобная сытуацыя з набыцьцём і продажам валюты і ў раённых цэнтрах: ажыятажу няма, але той, хто жадае набыць валюту, мусіць стаяць і чакаць, пакуль нехта прыйдзе і здасьць. Спадар Уладзімер са Слоніма кажа, што прастаяў дзьве гадзіны ў чарзе, каб набыць 30 даляраў:

«Калі нехта прыходзіць здаваць валюту, то яго адразу прапускаюць без чаргі, і потым, хто стаіць першы, адразу набывае. Але вялікай чаргі няма, проста ня так часта здаюць».

Людзі асабліва там ня бегаюць, бо курс валюты высокі

У Ваўкавыску спадар Валянцін распавядае, што людзі нібыта стаяць каля абменьнікаў, але іх, як правіла, няшмат. Пасьля сьвятаў валютай мала цікавяцца. Паводле яго, наступіла зацішша. Праўда, ніхто ня ведае, што будзе пасьля:

«Асаблівых чэргаў няма, стаяць па 5–6 чалавек. Але і валюты няма, толькі калі нехта здасьць, то тады можна набыць. Людзі асабліва там ня бегаюць, бо курс валюты высокі, і ўсе супакоіліся, ажыятажу ніякага няма».

У Вялікай Бераставіцы, што на мяжы з Польшчай, таксама цішыня побач з абменьнікамі і таксама ў свабодным продажы валюты няма. Спадар Віктар кажа, што, з аднаго боку, паўплывалі доўгія сьвяты — але, што больш адчувальна, пачалі менш езьдзіць у Польшчу на гандаль:

«Асабліва пасьля сьвятаў людзі патраціліся, і купляць валюту няма за што. Але сытуацыю яшчэ ўскладняе тое, што людзям у памежнай зоне становіцца нявыгадна езьдзіць у Польшчу. Справа ў тым, што там моцна патаньнела дызпаліва. Шмат хто з маіх знаёмых ужо вярталіся з Польшчы з тым, што туды везьлі, бо нічога не маглі прадаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG