Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар «Свабоды ў турмах» Алена Панкратава: Спрабую дапамагчы тым, хто знаходзіцца на дне


Праваабарончая прэмія 2014 году ўручаная журналістцы Алене Панкратавай, аўтару цыклю перадач «Свабода ў турмах», якая рэгулярна гучыць на хвалях Радыё Свабода.

Таксама ў галіне праваабарончай журналістыкі прэмію атрымаў сайт праваабарончага цэнтру «Вясна». Праваабаронцам году названая Алена Танкачова, кіраўніца «Цэнтру прававых трансфармацыяў», адвакатам году — Людміла Казак з Фрунзенскай раённай адвакацкай канторы Менску.

Алена Панкратава пасьля ўручэньня ёй дыплёма ляўрэата найперш адзначыла, што праца на радыё — гэта калектыўная праца.

«Па-другое, я не зусім займаюся правамі чалавека ў звычайным сэнсе. Бо найперш гэта — калі чалавека караюць за пэўны сьветапогляд. А я пішу пра людзей, якія знаходзяцца на самым дне. Гэта прэмія прыемная для мяне найперш тым, што людзі могуць зьвярнуць увагу на тых, хто знаходзіцца на самым дне. Мы зусім ня ведаем гэтага дна, а я думаю, што грамадзтву нашаму трэба гэта ведаць. Вось цяпер першая ластаўка — праваабаронцам з „Плятформы“ дазволілі наведваць калёніі; я спадзяюся, што такія магчымасьці зьявяцца і ў іншых арганізацыяў, таксама ў журналістаў. Спадзяюся, мы будзем адзін аднаму дапамагаць».

Ляўрэаты праэміі Алена Танкачова, Алена Панкратава, Ірына Пракопчык, Людміла Казак
Ляўрэаты праэміі Алена Танкачова, Алена Панкратава, Ірына Пракопчык, Людміла Казак

Праваабаронца Ірына Пракопчык некалькі гадоў рэдагуе сайт «Вясны», на якім зьяўляецца шмат інфармацыі пра парушэньні правоў чалавека, якую падхопліваюць і распаўсюджваюць журналісты. Узнагароджаньне сайту Праваабарончай прэміяй Ірына лічыць нечаканым бонусам за штодзённыя намаганьні па абароне правоў простых людзей.

«Ёсьць нейкія выпадкі больш рэзанансныя, пра якія ведаюць усе. Але насамрэч ёсьць вельмі-вельмі шмат выпадкаў, якія не рэзанансныя, якія выглядаюць нават як цягамотныя, але яны ня меней важныя, бо за імі — лёсы пакрыўджаных людзей. Мы бачым нашу задачу ў тым, каб прыцягнуць увагу да такіх выпадкаў».

Цырымонія ўручэньня прэміяў адбывалася ў кнігарні «Логвінаў». Госьць цырымоніі, дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандр Лукашук адзначыў важнасьць вызначэньня пераможцаў у галіне абароны правоў чалавека для арганізацыі грамадзтва і павіншаваў ляўрэатаў.

Беларускія праваабаронцы маюць у сьвеце бліскучую, выдатную рэпутацыю як людзі вельмі адважныя, прынцыповыя

«Хачу сказаць як журналіст, што мы абсалютна ганарымся тым, што вы робіце. Кожны зь ляўрэатаў былых гадоў, сёлетнія ляўрэаты — гэта нашы героі. Калі бываю ў розных сталіцах сьвету, сустракаюся з палітыкамі, то бачу, што беларускія праваабаронцы маюць у сьвеце бліскучую, выдатную рэпутацыю як людзі вельмі адважныя, прынцыповыя. Вельмі рады, што сёньня ў іх ліку знаходзіцца і наша калега Алена Панкратава за яе праграму «Свабода ў турмах».

Праваабарончая прэмія традыцыйна ўручаецца ў Міжнародны дзень правоў чалавека 10 сьнежня. Узнагарода заснаваная ў 2008 годзе. Па 2009 год яна называлася прэміяй «Праваабарончага альянсу», у 2010 годзе пераможцы не вызначаліся, цяпер назва прэміі — Праваабарончая прэмія. Напярэдадні аўтарытэтнае журы зь беларускіх праваабаронцаў і ляўрэатаў прэміяў мінулых гадоў праз галасаваньне вызначае лепшага праваабаронцу, лепшага адваката году і лепшага журналіста году ў галіне правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG