У Лёндане 7 сакавіка пройдзе сустрэча спэцыяльнага камітэту надзвычайных сытуацыяў з нагоды атручваньня былога супрацоўніка Галоўнага выведнага ўпраўленьня Расеі Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.
Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што Лёндан дасьць «рашучы адказ», калі высьветліцца, што Масква датычная да атручваньня, піша Reuters. Ён дапусьціў у такім выпадку ўвядзеньне больш жорсткіх санкцыяў супраць Крамля.
Як заявіў Джонсан, невядома дакладна, што адбылося ў Солсбэры, «але калі гэта так кепска, як выглядае, то будзе яшчэ адно злачынства ў ліку тых, у якіх можна вінаваціць Расею».
Антытэрарыстычная паліцыя Вялікай Брытаніі абвясьціла 6 сакавіка, што бярэ на сябе адказнасьць за расьсьледаваньне празь «незвычайныя абставіны» справы.
Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава раскрытыкавала заяву Джонсана, назваўшы яе «дзікай». У Крамлі адказалі, што нічога ня ведаюць пра магчымае атручваньне Скрыпаля.
Палкоўніка Скрыпаля маглі атруціць рэчывам, якое ФСБ скарыстала для штурму на Дуброўцы
Да канца 1990-х Скрыпаль служыў у расейскай вайсковай выведцы ГРУ. У 2006 годзе на той час палкоўніка запасу асудзілі ў Расеі на 13 гадоў турмы па абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Брытаніі. Суд прызнаў, што ён перадаў брытанскай выведцы MI6 інфармацыю пра расейскіх тайных агентаў у Эўропе. У 2010 годзе Скрыпаль атрымаў прытулак у Брытаніі пасьля «абмену шпіёнамі» паміж ЗША і Расеяй.