Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч патрабуе адмяніць продаж помнікаў архітэктуры ў Віцебску


Дом на вуліцы Дзімітрава, 10
Дом на вуліцы Дзімітрава, 10

Улады Віцебска зьбіраюцца 9 лютага «прадаць з малатка» тры будынкі, прыхаваўшы іх статус помнікаў.

Будынкі № 10 і № 12, выстаўленыя на аўкцыён, — помнікі архітэктуры рэгіянальнага значэньня, яны ўключаныя ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, маюць 3 катэгорыю. Але пра гэта ва ўмовах аўкцыёну не сказана анічога.

У сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы, пазначана, што будынкі № 10 і № 12 — архітэктурныя помнікі канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя. Аднак у паведамленьні пра аўкцыён сказана, што будынкі — пасьляваеннага часу (1953 і 1947 гадоў пабудовы).

Старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч мяркуе, што пазьнейшы час пабудовы можа быць зафіксаваны ў тэхнічных пашпартах будынкаў:

«Верагодна, менавіта ў той час на будынкі былі выпісаны тэхнічныя пашпарты. Але раз у сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў даты іншыя, зафіксаваныя навукоўцамі, — гэты аўкцыён па продажы будынкаў, прызначаны на 9 лютага, трэба адмяняць або тэрмінова мяняць умовы аўкцыёну. Абавязкова павінна быць азначана, што гэта ня проста нейкія дамкі, а помнікі архітэктуры. Бо гэта накладае адказнасьць на гаспадароў, якія мусяць забясьпечыць захаванасьць помнікаў у адпаведнасьці з заканадаўствам аб ахове гістарычнай спадчыны!»

Дзімітрава, 12
Дзімітрава, 12

Спадар Астаповіч узяў на сябе клопат зьвярнуцца ў Віцебскую абласную пракуратуру — каб папярэдзіць пра імавернае парушэньне закону. А таксама ў фонд «Віцебскаблмаёмасьць», які абвясьціў аўкцыён па продажы дзяржаўнай уласнасьці, не пазначыўшы ўсіх наяўных акалічнасьцяў.

Праблемы з захаванасьцю гістарычных будынкаў па вуліцы Дзімітрава ў Віцебску ўжо былі. Улетку 2013 году частку збудаваньняў адрэстаўравалі на новы капыл — над аднапавярховым домам узьвялі другі паверх, прабілі вокны ў старых сьценах. Зьмянілася аблічча і таго самага будынка № 10 — гісторыка-культурнай каштоўнасьці рэгіянальнага значэньня, якую цяпер выставілі на аўкцыён: зьнесьлі прыбудову, якая была не нашмат маладзейшая за сам помнік архітэктуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG