Гэтае пажаданьне Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец зрабілі ў Мадрыдзе, дзе прайшоў чарговы кангрэс Эўрапейскай народнай партыі. Яны лічаць, што выбары ў Нацыянальны сход, якія пройдуць у верасьні наступнага году, пакажуць, ці рэжым Лукашэнкі сапраўды гатовы да пэўных пераменаў.
Апазыцыйныя палітыкі параілі кіраўніцтву Эўрапейскай народнай партыі не сьпяшацца з адменай санкцыяў супраць беларускіх уладаў. Крытэрам для зьняцьця санкцыяў павінны стаць парлямэнцкія выбары, якія заплянаваныя на верасень 2016 году, — падкрэсьлівае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, якія сёньня прыляцеў у Менск з Мадрыду:
«Першае і самае галоўнае — гэта сёлета да канца году прыняць палітычнае рашэньне, праявіць палітычную волю і ўнесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства і правапрымяняльную практыку, каб вярнуць беларусам права на свабодныя і сумленныя выбары. Гэта найбольш актуальна.
Другі пункт — гэта пашырэньне прасторы свабоды. І тут найбольш лягічным нам уяўляецца рэальны перамоўны працэс паміж прыхільнікамі пераменаў і ўладай. Гэта размарожваньне, рэанімацыя той пляцоўкі, якая ў свой час была створаная Гансам-Георгам Вікам.
І трэцяя — правядзеньне самой выбарчай кампаніі.
Калі ўсе тры гэтыя крокі будуць зробленыя, то тады можна ставіць пытаньне аб зьняцьці санкцыяў. За выключэньнем тых, хто наўпрост абвінавачваецца ў крадзяжы і забойстве палітыкаў і журналістаў».
Спадар Лябедзька кажа, што ў кулюарах мадрыдзкага кангрэсу ён пачуў інфармацыю, што санкцыі Эўразьвязу будуць прыпыненыя. Чакаецца, што працэдура прыняцьця гэтага рашэньня на ўзроўні амбасадараў пройдзе 29 кастрычніка, а 31 кастрычніка рашэньне ўступіць у сілу. Яно будзе дзейнічаць цягам чатырох месяцаў, да канца лютага. Аднак чацьвёра цяперашніх і былых чыноўнікаў застануцца ў «чорным сьпісе». Гэта Віктар Шэйман, Юры Сівакоў, Уладзімер Навумаў і Дзьмітры Паўлічэнка.
Мне падаецца лягічным зьняцьцё санкцыяў толькі пасьля выкананьня ўсіх трох пунктаў дарожнай мапы, а не наадварот
«Мне падаецца лягічным зьняцьцё санкцыяў толькі пасьля выкананьня ўсіх трох пунктаў дарожнай мапы, а не наадварот. Трэба пераканацца, што ўсё мае незваротны характар.
Я меў кароткую камунікацыю з Дональдам Тускам — галоўным чалавекам у Эўрапейскім Зьвязе. Гаварыў яму, што трэба быць вельмі асьцярожным у пытаньні санкцыяў. Эўразьвяз ужо неаднойчы ў дачыненьнях зь Беларусьсю наступаў на адны і тыя ж граблі. І таму іх адмену трэба абавязкова прывязваць да „дарожнай мапы“», — адзначае старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая мае ў Эўрапейскай народнай партыі статус «спэцыяльна запрошанай».
Да Эўрапейскай народнай партыі належаць такія вядомыя палітыкі, як прэзыдэнт Эўразьвязу Дональд Туск, старшыня Эўракамicii Жан-Клод Юнкер, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэм’ер-міністар Гішпаніі Марыяна Рахой ды іншыя. Партыя мае найбуйнейшыя фракцыі ў Эўрапарлямэнце, Парлямэнцкіх асамблеях Рады Эўропы і АБСЭ. Таму ў Мадрыдзе, як жартавалі, была самая моцная канцэнтрацыя эўрапейскіх палітыкаў на квадратны мэтар.
«А значыць, мы маглі гаварыць пра Беларусь з тымі, хто ў значнай ступені задае градус палітычнай тэмпэратуры на кантынэнце», — адзначае Анатоль Лябедзька.
Санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі ўключаюць у сябе чорны сьпіс прыблізна з 150 асобаў, сярод якіх і прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Гэтым асобам забаронены ўезд на тэрыторыю супольнасьці, іхнія фінансавыя актывы ў эўрапейскіх банках падлягаюць замарожваньню. Санкцыі таксама прадугледжваюць эмбарга на зброю і забараняюць пастаўляць у Беларусь паліцэйскае абсталяваньне і тэхніку падвойнага прызначэньня, якая можа быць выкарыстаная для «ўнутраных рэпрэсіяў».