Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Анісім: Раблю ўсё, каб закон аб нарматыўна-прававых актах прынялі па-беларуску


Алена Анісім, архіўнае фота
Алена Анісім, архіўнае фота

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім сказала Свабодзе, што па-ранейшаму працуе на мэту — зламаць заганную сытуацыю, калі пераклады законаў на беларускую мову ня маюць у Беларусі юрыдычнай моцы.

«У нашай краіне дзіўная сытуацыя. Законы прымаюцца на расейскай мове. А паколькі законаў на беларускай мове няма, пераклады іх ня маюць у судзе юрыдычнай сілы. Таму трэба, каб законы прымаліся на дзяржаўнай беларускай мове і мелі юрыдычную моц. Для гэтага і падрыхтаваны праект Закону аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь на беларускай мове. Мне вельмі хочацца, каб яго прынялі на восеньскай сэсіі Палаты прадстаўнікоў», — кажа дэпутатка.

«Давайце зробім добры прэцэдэнт»

Анісім расказала, што зроблена ў гэтым кірунку за апошні час:

«Гэты закон у першым чытаньні на расейскай мове летась прымалі мае папярэднікі — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня. Я паглядзела, што дакумэнт быў накіраваны дэпутатам з Саўміну. Таму я зьвярнулася ва ўрад з прапановай — прыняць у другім і апошнім чытаньні закон на дзьвюх мовах. Ужо атрымала адказ. У ім напісана, што пытаньне ў кампэтэнцыі парлямэнту.

Таму я паразмаўляла з старшынём Палаты прадстаўнікоў спадаром Андрэйчанкам. Я перадала яму копію адказу з Саўміну і сказала: „Уладзімер Андрэевіч, давайце зробім добры прэцэдэнт. Тут жа нічога крамольнага няма. Усе пішуць, што нічога гэтаму не замінае. І працэдура нескладаная — прагаласавалі адзін раз за адзін закон на дзьвюх дзяржаўных мовах. Ня трэба ж галасаваць пяць ці нават два разы. Другое чытаньне — адно галасаваньне“.

Таксама я накіравала тэкст закону на беларускай мове ў Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў. Размаўляла пра гэта з дырэктарам Цэнтру спадаром Іпатавым. І ў мяне склалася ўражаньне, што ён ня супраць.

Вельмі хочацца, каб мы зрабілі гэты крок на восеньскай сэсіі, а не адкладалі гэтую важную справу

У панядзелак пайду да спадара Андрэйчанкі і буду зьвязвацца зь іншымі інстанцыямі. Вельмі ж хочацца, каб мы зрабілі гэты крок на восеньскай сэсіі, а не адкладалі гэтую важную справу».

Раней дэпутатка Анісім тлумачыла, што гаворка вядзецца пра базавы закон, які рэгулюе «ўсё заканадаўства, усе прававыя акты». Пасьля прыняцьця Закону аб нарматыўна-прававых актах можна будзе казаць, што мэханізм прыняцьця законаў на дзьвюх мовах гатовы да запуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG