Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Групоўка беларускага хакера нашкодзіла на больш як 10 млн даляраў, — СК


Падчас затрыманньня ўдзельніка міжнароднай кібэрзлачыннай групоўкі Andromeda. Фота з сайту Сьледчага камітэту Беларусі. 4 сьнежня 2017 году
Падчас затрыманньня ўдзельніка міжнароднай кібэрзлачыннай групоўкі Andromeda. Фота з сайту Сьледчага камітэту Беларусі. 4 сьнежня 2017 году

Старшыня Сьледчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч расказаў БЕЛТА пра затрыманьне хакера ў Гомельскай вобласьці ў сьнежні 2017 году і пра дзейнасьць ягонай групоўкі «Андрамэда».

Паводле Івана Наскевіча, калі асоба хакера была высьветленая, яго падазравалі у распрацоўцы шкодных праграмаў безь цяжкіх наступстваў (ч.1 арт. 354 КК), за што могуць прысудзіць як пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў, так і проста штраф. Злачынства не адносіцца да разраду цяжкіх, таму хакер заставаўся на волі.

Але пасьля аго, як ад амэрыканскага ФБР былі атрыманыя дадатковыя зьвесткі пра ягоную дзейнасьць, хакера затрымалі — супольную апэрацыю спыненьня дзейнасьці «Андрамэды» праводзілі разам з ФБР, штаб апэрацыі знаходзіўся ў нідэрляндзкай Гаазе. Цяпер дзеяньні затрыманага кваліфікуюцца паводле другой часткі таго ж артыкулу 354 («зь цяжкімі наступствамі»), яму пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Шкодныя праграмы групоўкі «Андрамэда», як кажа Наскевіч, заразілі 3–4 млн кампутараў, учынілі шкоду больш як на 10 млн даляраў. Раней сьледчыя тлумачылі, што затрыманы ў Беларусі мужчына быў адміністратарам форумаў, на якіх перапісваліся злачынцы, і дапамагаў купляць і абнаўляць шкодныя праграмы, аказваў паслугі тэхпадтрымкі, за кожную куплю праграмы атрымліваў 500 даляраў, за абнаўленьне — 10 даляраў.

Паводле зьвестак Reuters, затрыманы — 33-гадовы жыхар Рэчыцы Сяргей Ярэц, вядомы пад нікнэймам Ar3s, і гэта адзін са стваральнікаў «Андрамэды». Сьледчы камітэт не называў імя затрыманага, а толькі паведамляў, што затрымалі жыхара Гомельскай вобласьці 1983 году нараджэньня.

Як хлопцы з Рэчыцы робяцца ўсясьветна вядомымі хакерамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG