Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце абразы анархістамі судзьдзі Ленінскага раёну Менску Андрэя Камушкіна.
Пра гэта паведамілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна».
Увечары 29 студзеня анархісты правялі акцыі салідарнасьці з арыштаванымі паплечнікамі. Адна з акцый прайшла ў двары дома, дзе жыве судзьдзя Андрэй Камушкін, які раней асудзіў анархістаў агулам на 65 сутак арышту, паведамляе БелаПАН.
Як пісаў сайт анархістаў, пад’езды і бліжэйшыя машыны былі абвешаныя ўлёткамі, «што аб’яўлялі судзьдзю ў вышук за вынясеньне несправядлівых прысудаў і прыцягненьне ў якасьці абвінавачанага заведама невінаватага».
Паводле праваабаронцаў, у якасьці сьведкі па гэтай справе быў дапытаны адзін малады чалавек, другога выклікалі на допыт па тэлефоне.
У прэс-службе Сьледчага камітэту пакуль інфармацыю па гэтай справе не даюць.