Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коле дровы, выхоўвае дзяцей. Вясковец марыць вярнуць страчаны на працы зрок


Коле дровы, выхоўвае дзяцей. Вясковец марыць вярнуць страчаны на працы зрок
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:16 0:00

Анатоль Ганько восем гадоў таму страціў зрок у выніку няшчаснага выпадку на працы. З таго часу ў яго нарадзіўся сын, ён спадзяецца на апэрацыю, якая дасьць яму магчымасьць убачыць родных, і вядзе паўнавартаснае вясковае жыцьцё.

Анатоль — грамадзянін Украіны. У Беларусь прыехаў 15 гадоў таму. Прыяжджаў ён у вёску Саўцавічы, што ў Баранавіцкім раёне на Берасьцейшчыне, каб зарабіць у мясцовай гаспадарцы. Тут пазнаёміўся зь Людмілай, сваёй будучай жонкай, і застаўся.

Няшчасны выпадак здарыўся, калі Анатоль працаваў мэханізатарам у мясцовым калгасе.

«Мы зьбіралі салому на працы, як раптам загарэўся камбайн. Пачалі тушыць, я схапіў вогнетушыцель, а ён проста ў руках выбухнуў. Пасьля гэтага і страціў зрок. Гэта была траўма на вытворчасьці. Неяк выклікалі мяне ў пракуратуру. Але што я магу сказаць? Хто там вінаваты? Выклічуць інжынэра, ён скажа, што дырэктар гаспадаркі даў такія прылады. Таму ня ведаю нават, чым справа завяршылася. Адбылося ды адбылося. Нічога ня зробіш».

Урачы абнадзейваюць: шанец вярнуць зрок ёсьць

З таго часу Анатоль зрабіў некалькі апэрацыяў. Спачатку лячыўся ў Беларусі, у Баранавічах. Але зрабіў выбар на карысьць украінскіх дактароў. Урачы там канстатуюць, што ў яго вочы фактычна выпаленыя. Але шанец на тое, каб вярнуць зрок, застаецца:

Анатоль Ганько на сваёй гаспадарцы
Анатоль Ганько на сваёй гаспадарцы

«Я праходжу лячэньне ў Адэсе. Урачы там абнадзейваюць, што пасьля складанай апэрацыі я змагу часткова бачыць. Для гэтага патрэбна набыць керапратэз. Да гэтага апэрацыя таксама каштуе, рэабілітацыя. Колькі патрэбна на ўсё, складана сказаць. Я быў летась у шпіталі, таму ня ведаю, якія цяпер цэны. Але ў мінулым годзе каштарыс апэрацыі складаў каля 2000 даляраў, калі ня болей».

Гэтая сума, паводле Анатоля, ня надта вялікая. Але сямʼя з дваімі дзецьмі за месяц атрымлівае на ўсіх каля 700 рублёў. Таму сабраць неабходную суму грошай на апэрацыю досыць складана.

Невідушчы, але ў стане самастойна рабіць цяжкую працу
Невідушчы, але ў стане самастойна рабіць цяжкую працу

Анатоль шмат што па гаспадарцы і дома робіць самастойна. Сямʼя трымае авечак, курэй, трусоў. Вырошчвае гародніну.

«Спраўляюся. Прывык да гэтага. Паступова, але даю рады. Спачатку часта зьвяртаўся па дапамогу, каб мне зрабілі нейкую працу. Але потым сам пачаў і дровы секчы, і сена касіць, не хачу прасіць у кагосьці. Шмат што магу рабіць самастойна, напрыклад хаджу ў аўтакраму. Іду ў суседнюю вёску Моўчадзь, дзе атрымліваю пэнсію», — расказвае Анатоль.

«Марым, каб тата нас усіх пабачыў»

Тры гады таму ў Людмілы і Анатоля нарадзіўся сын Арцём. Пакуль жонка была ў шпіталі з нованароджаным, Антоль сам даглядаў старэйшую дачку Віку, кажа Людміла:

«Калі я даведалася, што цяжарная другім дзіцем, то ў мяне быў спачатку нейкі страх. Муж пасьля такой траўмы... Да таго ж у нас дачка падрастае. Але Анатоль сказаў мне, каб я не баялася. Маўляў, нараджай, будзем разам гадаваць дзіця. А цяпер бачу, што гэта быў правільны крок, бо і для мужа гэта стымул і надзея».

А пакуль Анатоль Ганько вывучае кампутар. Ёсьць адмысловая праграма, якая агучвае кожны дотык да клавіятуры. Такім жа чынам невідушчы мужчына прыстасаваўся да карыстаньня мабільным тэлефонам. У тэлефоне кантакты падпісаныя па парадку, таму ён лёгка набірае неабходны яму нумар.

Анатоль здолеў навучыцца бяз зроку працаваць з кампутарам
Анатоль здолеў навучыцца бяз зроку працаваць з кампутарам

​Людміла кажа, што яе муж малайчына.

«Зразумела, у асноўным я гляджу хатнюю гаспадарку. Але Анатоль ніколі не адмаўляецца нешта рабіць. Часам трэба падказваць, што дзе знаходзіцца. Але ў хлеў заўсёды ідзём разам. У доме мой муж цалкам сам сабе дае рады. Калі мне трэба недзе выехаць, ён сам усё робіць, даглядае дзяцей. Я нават не пераймаюся, што ён сам зь дзецьмі. Вядома, часам бачу, што яму складана, можа, і сумна часам. Але ў нас цяпер ва ўсіх такая мара, каб тата нас усіх пабачыў».

Сямʼя спадзяецца, што здолее сабраць грошы на апэрацыю і Анатоль зможа сам адвесьці сына ў першую клясу, а дачку на выпускны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG