У судзе Ленінскага раёну Берасьця пачаўся разгляд адміністрацыйных спраў супраць пяцёх прадстаўнікоў анархісцкага руху, затрыманых 5 сакавіка пасьля «Маршу недармаедаў», піша праваабарончы цэнтар «Вясна». Справу разглядае судзьдзя Аляксандар Семянчук.
Праваабаронца Ўладзімер Вялічкін кажа Свабодзе, што на лаве падсудных Андрэй Дзенюшкін, Руслан Халікаў, Аляксандар Казлянка, Павал Завадзкі і Дзьмітры Ляўчук. Як распавяла сястра Андрэя Дзенюшкіна, яго затрымалі пасьля ўчарашняй акцыі да таго, як яны пасьпелі прыйсьці дахаты.
Астатнія актывісты былі затрыманыя ўвечары на кватэрах. Яны правялі ноч у пастарунку. Як сьцьвярджае «Вясна», на прадстаўнікоў анархісцкага руху пасьля акцыі «ўчынілі сапраўднае паляваньне па ўсім горадзе».
Яшчэ адзін суд пачаўся ў Ленінскім судзе а 12-й гадзіне. Андрэя Шарэнду вінавацяць у арганізацыі і ўдзеле несанкцыянаванай масавай акцыі. Актывіст запатрабаваў азнаёміць яго з матэрыяламі справы, судзьдзя Аляксандар Семянчук абвясьціў перапынак.
Падтрымаць Шарэнду прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.