У жывым эфіры Свабоды Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік назваў колькасьць беларусаў, якія атрымалі «карты паляка». Гэта дакумэнт, які дае пэўныя прэфэрэнцыі этнічным палякам — грамадзянам іншых дзяржаваў, але не дае польскага грамадзянства.
«Карты паляка» атрымалі каля 100 тысяч беларусаў, кажа Паўлік, але дадае: Польшча не агітуе за атрыманьне гэтых картак, не рэклямуе іх.
«Гэта свабодны выбар грамадзянаў, якія робяць гэта, бо адчуваюць, што Польшча ім блізкая, — разважае польскі амбасадар. — Многія зь іх — людзі сталага веку, яны лічаць гэты дакумэнт нейкім сымбалем. Я лічу, ня трэба штучна палітызаваць гэтае пытаньне».
Масавай міграцыі зь Беларусі ў Польшчу не назіраецца, кажа ён, але паступова расьце колькасьць беларусаў, якія едуць у Польшчу на кароткатэрміновую працу. За першае паўгодзьдзе на кароткіх або сэзонных кантрактах у Польшчы працавала каля 25 тысяч беларускіх грамадзянаў, а грамадзянаў Украіны на тых жа ўмовах было 800-900 тысяч. Паўлік адзначыў, што ёсьць і палякі, якія прыяжджаюць у Беларусь з асабістых прычынаў, пераяжджаюць сюды жыць і працаваць.
Паўлік прызнаў, што ёсьць праблемы з рэгістрацыяй на «карту паляка»: у прыватнасьці, бывае цяжка датэлефанавацца да адказных за «карту». Ён разважае: варта зьвярнуцца да апэратара тэлефонных паслугаў або даць дадатковы тэлефонны нумар.
Чытайце таксама: Амбасадар Польшчы: Мінімальнае паляпшэньне палітычных стасункаў зь Беларусьсю дало адчувальны рост таваразвароту