Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны лічыць, што Барыс Нямцоў быў забіты ўдзельнікамі ўрадавай спэцслужбы РФ або праўладнай арганізацыі па загадзе палітычнага кіраўніцтва краіны, уключна з Уладзімерам Пуціным.
Пра гэта ён піша ў сваім блогу navalny.com.
«Пытаньне палягае толькі ў тым, як быў сфармуляваны гэты загад: „Вы павінны забіць Нямцова“. Альбо — „Вы павінны правесьці гучную рэзанансную акцыю“», — піша Навальны.
Таксама расейскі апазыцыянэр зазначае, што хопіць паўтараць лухту пра «Барыса забіла атмасфэра нянавісьці»:
«Ну якая атмасфэра, га? Атмасфэра нянавісьці ў нас з 2007 году, а ў апошнія месяцы мы бачым арганізацыйнае будаўніцтва праўрадавых экстрэмісцка-тэрарыстычных групаў, якія прама дэкляруюць сваёй мэтай барацьбу з апазыцыяй там, дзе паліцыя ня можа».
Паводле Навальнага, тут няма самадзейнасьці.
«А прама вось Пуцін, Патрушаў, Іваноў, Бортнікаў, Валодзін і нехта яшчэ там. Слухалі, пастанавілі: стварыць, зацьвердзіць, вылучыць бюджэт, асьвятліць дзейнасьць. На такой вось нарадзе і было сказана — даручыць правесьці гучную акцыю», адзначае апазыцыйны палітык.
Таксама ён мяркуе, што адзінай вэрсіяй забойства, не зьвязанай з удзелам фэдэральнай улады, якая можа сур’ёзна разглядацца, — зьяўляецца ўлада рэгіянальная.
«Нямцоў сур’ёзна псаваў кроў губэрнатарам Яраслаўскай вобласьці і мясцовым жулікам. Бора на ўсіх апошніх сустрэчах апавядаў мне пра тое, якія махінацыі ён выкрыў і як яго ненавідзіць кіраўніцтва вобласьці», — піша Навальны.
Прэсьненскі суд Масквы адмовіўся адпусьціць палітыка Аляксея Навальнага, які знаходзіцца пад арыштам, на цырымонію разьвітаньня з Барысам Нямцовым.
Аляксей Навальны арыштаваны за заклікі прыйсьці на апазыцыйны марш «Вясна». Тэрмін ягонага зьняволеньня заканчваецца 6 сакавіка.
3 сакавіка ў Маскве адбылася цэрэмонія разьвітаньня з Барысам Нямцовым, якога забілі ў ноч на 28 лютага.