Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч пагадзілася стаць ганаровай старшынёй аргкамітэту акцыі «Чарнобыльскі шлях».
Пра гэта паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску сябра аргкамітэту, актывістка руху салідарнасьці «Разам» Алена Тоўстая, перадае БелаПАН.
Паводле Тоўстай, заўтра на прэзэнтацыі кнігі «Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды — XXI стагодзьдзе», пісьменьніца будзе казаць таксама пра значэньне «Чарнобыльскага шляху».
Сябра аргкамітэту, актывіст Беларускай партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук заявіў, што ягоная партыя выступае супраць будаўніцтва любой АЭС.
«Мы хочам паказаць, што Чарнобыль ня скончыўся, што катастрофа працягваецца. Замоўчваньне праблемаў, зьвязаных з Чарнобылем, мы зьвязваем з будаўніцтвам у Беларусі АЭС».
Праект будаўніцтва АЭС у Беларусі Кучук назваў «палітычным».
Паводле старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, дзякуючы палітыцы беларускіх уладаў тэма Чарнобылю «засунута на завугольле і ўнутры краіны, і ў міжнародным пляне».
Лябедзька паведаміў, што 22 красавіка ў Менску АГП правядзе канфэрэнцыю, прысьвечаную будаўніцтву АЭС у Астраўцы. Удзел у ёй возьмуць экс-прэмʼер Літвы Андрус Кубілюс, былы міністар замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс, а таксама дэпутат Эўрапарлямэнту Пятрас Аўштравічус.
«Дыскусія на канфэрэнцыі будзе весьціся пра эканамічную мэтазгоднасьць будаўніцтва станцыі з улікам таго, што Літва ўважліва ставіцца да гэтага пытаньня. Запросім таксама прадстаўнікоў уладаў, паглядзім, наколькі ў іх ёсьць цікавасьць да гэтай тэмы», — сказаў Лябедзька на прэс-канфрэнцыі.
Галоўныя лёзунгі сёлетняй акцыі «Чарнобыльскі шлях»:
— не засяваць забруджаныя тэрыторыі і ня труціць беларусаў радыяцыяй
— замарозіць будаўніцтва Беларускай АЭС
— вярнуць ільготы чарнобыльцам
— прыняць комплексную праграму па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, найперш у галіне аховы здароўя.
Сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі сказаў сайту bchd.info, што «Чарнобыльскі шлях» павінен гучаць набатным звонам:
«Улады працягваюць труціць беларусаў радыяцыяй. „Чарнобыльскі шлях“ павінен гучаць набатным звонам. У Беларусі няма чалавека, знаёмы ці сваяк якога не хварэў бы на анкалёгію. Асноўная прычына гэтага — вяртаньне ў абарот забруджаных тэрыторыяў, адсутнасьць рэальных праграмаў па аздараўленьні насельніцтва. На жаль, гэты набат ня быў пачуты. Больш за тое, улады хаваюць рэальныя прычыны хваробаў і сьмерцяў беларусаў. Нябожчык прафэсар Іван Нікітчанка спрабаваў давесьці і ўладам, і грамадзтву інфармацыю пра небясьпеку набіраньня малых дозаў радыяцыі».
Паводле арганізатараў, «Чарнобыльскі шлях» пройдзе ў Менску 26 красавіка, збор удзельнікаў плянуецца а 18-й гадзіне каля кінатэатру «Кастрычнік».