Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Актывіста ў канцлягернай робе» будуць судзіць за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў


Баранавіцкі актывіст Рыгор Грык атрымаў пратакол за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску 28 лютага.

У пратаколе Цэнтральнага аддзелу ўнутраных спраў Менску напісана, што 28 лютага Рыгор Грык «прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, без дазволу Менгарвыканкаму», што выявілася ў «выкрыкваньні лёзунгаў».

«Я быў на акцыі, быў апрануты ў канцлягерную робу, трымаў плякат, канстытуцыю і маленькі значак „SOS“. Меркаваў, што акцыя была дазволеная, бо было шмат людзей, нікога міліцыянты не затрымлівалі. Да мяне ніхто не падыходзіў зь міліцыянтаў, заўвагаў мне не рабілі, пратаколу пры мне не складалі. Таму я цяпер не разумею, чаму мне прыслалі пратакол», — кажа Рыгор Грык.

Спадар кажа, што, магчыма, ягоны пэрформанс у канцлягернай вопратцы прыцягнуў увагу міліцыі:

«Але лічу, што я не дарма апрануў гэтую вопратку. Я бачу, што краіна хутка будзе абкружаная калючым дротам. А пратакол — гэта парушэньне канстытуцыі і Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. Я маю права на выказваньне сваіх меркаваньняў», — кажа Рыгор Грык.

Актывіст мяркуе, што яго пакараюць штрафам за ўдзел у акцыі. Рыгор Грык кажа, што яму, беспрацоўнаму, штраф будзе сплаціць вельмі цяжка:

«Улады гэта ведаюць і вырашылі дабіць мяне такім чынам — каб не было на хлеб», — кажа актывіст.

Рыгор Грык удзельнічаў у шмат якіх акцыях апазыцыі, як у Баранавічах, так і ў Менску. Журналісты называюць Грыка «актывістам у канцлягернай робе» за тое, што на акцыі ён прыходзіць у вопратцы, стылізаванай пад робу вязьня канцлягера.

Пасьля акцыяў Рыгору Грыку на баранавіцкіх прадпрыемствах адмаўляюць у працаўладкаваньні, таму доўгі час ён ня можа атрымаць працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG