Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністра энэргетыкі распавёў, што будзе зь ядзернымі адыходамі ад Беларускай АЭС


Беларуская атамная электрастанцыя
Беларуская атамная электрастанцыя

Ядзерныя адыходы з АЭС у Астраўцы могуць быць адпраўленыя у Расею ці захаваныя на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта 9 лістапада паведаміў журналістам у Палаце прадстаўнікоў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк.

Падле Міхадзюка, у міжурадавым беларуска-расейскім пагадненьні, падпісаным у 2012 годзе, прадугледжаная норма аб адпраўцы адпрацаванага ядзернага паліва зь Беларускай АЭС у Расею, «дакумэнты ўжо ў стадыі распрацоўкі».

«У праекце атамнай станцыі прадугледжаныя тэхналёгіі перапрацоўкі эксплюатацыйных ядзерных адыходаў, якія пэўны час будуць захоўвацца на станцыі. А пасьля, адпаведна стратэгіі, зацьверджанай урадам, для гэтых мэтаў будзе ўзьведзенае спэцыяльнае збудаваньне, — паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі. — Яно і сёньня ёсьць у рэспубліцы, бо ў нас ядзерныя адыходы ня толькі ад атамнай станцыі. І мэдыцына, і іншыя галіны народнай гаспадаркі маюць такія адыходы, і ў краіне арганізаванае іх хаваньне».

«Давайце спачатку пабудуем станцыю»

Адказваючы на пытаньне пра цану перапрацоўкі адыходаў у Расеі, намесьнік міністра сказаў: «Штогод цэны на такія паслугі мяняюцца».

Ня даў дакладанага адказу Міхаіл Міхадзюк і на яшчэ адно пытаньне: колькі будзе каштаваць электрычная энэргія з АЭС для звычайных жыхароў Беларусі?

«Давайце спачатку пабудуем станцыю, — адказаў ён. — Мы істотна мадэрнізавалі дзейную энэргасыстэму, істотна скарацілі выдаткі і ўжо выходзім на рынкі ў якасьці не пакупніка, а прадаўца. А калі скончыцца будаўніцтва, то нашыя магчымасьці прадаваць электрычнасьць яшчэ павялічацца. Сабекошт энэргіі на атамнай станцыі заўжды меншы, чым на клясычных станцыях. Будзем канкурэнтныя на рынку, будзем прадаваць».

Расейскі праект, Літва супраць

Узьвядзеньне Беларускай АЭС непадалёк ад дзяржаўнай мяжы зь Літвой і ўсяго за 50 кілямэтраў ад Вільні выклікае трывогу ў суседняй дзяржаве. Улады Літвы хочуць, каб краіны Балтыі, а магчыма, і іншыя краіны Эўразьвязу не куплялі прадукцыю астравецкай станцыі.

Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на 2019 год (на адзін год перанесены, плянаваўся ў 2018-м), другога — на 2020 год.

Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будаўніцтва пачалося значна раней, калі не было яшчэ праектнай дакумэнтацыі.

Беларуская АЭС узводзіцца коштам крэдыту ад Расеі. На думку экспэртаў, кошт будаўніцтва — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Меркавалася, што будаўніцтва акупіцца прыкладна за 20 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG