Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адставак шмат, зьменаў — ніякіх


Адыходзячы 2014-ы стаў годам значных кадравых перастановак ва ўладных кабінэтах. Так, сёлета Аляксандар Лукашэнка прызначыў шэраг новых міністраў — інфармацыі, абароны, фінансаў, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Звольненыя кіраўнікі Менску і Магілёўскай вобласьці. Зьявіліся новыя старшыні дзяржкамітэтаў — Камітэту дзяржкантролю і Дзяржаўнага мытнага камітэту. Адбыліся перастаноўкі і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Што стаіць за гэтымі ды іншымі прызначэньнямі, звальненьнямі і ператасоўкамі?

У кадравых зьменах, якія сёлета праводзіць кіраўнік дзяржавы, безумоўна, ёсьць лёгіка — лічыць кіраўнік цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

«Лёгіка тут бізантыйская. Яна зыходзіць з таго, што ў любой краіне, дзе ёсьць аўтарытарны рэжым, трэба перашкаджаць стварэньню групаў ціску, групаў інтарэсаў. Таму ніхто з высокіх чыноўнікаў не павінен затрымлівацца надоўга. Іх трэба, як, напрыклад, кактэйль у міксэры, перамешваць».

За кадравымі зьменамі абсалютна не праглядаюцца зьмены прынцыповыя, кажа Яраслаў Раманчук:

«Абойма застаецца па сутнасьці тая ж. Ідэалёгія — тая ж. Некаторыя кадры, праўда, ужо выпрацавалі свой рэсурс. Вось іх і зьмянілі. Трэба ж паказаць людзям, што ёсьць ратацыя, ёсьць новая кроў. Магчыма, нехта і купіцца на тое, што ў нашай краіне нібыта ёсьць мадэрнізацыя органаў дзяржаўнага кіраваньня.

Усе гэтыя замены — абсалютна непрынцыповыя рэчы. Ведаеце, гэта як кава. Вось нейкі чалавек пэўны час п’е адзін гатунак кавы. А пасьля пераходзіць на іншы».

«Беларусь настолькі дзіўная краіна, што нават калі нейкі высокі чыноўнік сыходзіць са сваёй пасады, нельга казаць, што ён пайшоў у адстаўку, —падкрэсьлівае Леанід Заіка. —

Леанід Заіка
Леанід Заіка

Я асабіста ведаю многіх міністраў і іхных намесьнікаў. Ніхто зь іх ніколі не падаваў у адстаўку з-за нейкіх прынцыповых пытаньняў. У Беларусі ёсьць палітыка ператварэньня чыноўніка ў нішто. Ёсьць палітыка перамяшчэньня па гарызанталі і па вэртыкалі. Адстаўка — гэта цывілізаваны інструмэнт. І ў Беларусі яна ў свой час мела месца. Гэта калі Міхаіл Чыгір, нязгодны зь дзеяньнямі прэзыдэнта, падае ў адстаўку. І калі гэтаксама робяць Аляксандар Сасноў і Андрэй Саньнікаў».

У адрозьненьні ад эканамічнай і сацыяльнай сфэры кіраваньня, зьмяненьні на «ідэалягічным фронце» адбываюцца даволі рэдка. Але сёлета зьмяніўся міністар інфармацыі: замест Праляскоўскага прызначаная Лілія Ананіч. Пакінуў сваю пасаду Радзькоў — першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, які курыраваў ідэалягічныя пытаньні. Сышла з адміністрацыі Пяткевіч, якая таксама мела дачыненьне да ідэалёгіі. Нарэшце, зьмяніўся кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы: Папоў — замест Лёгкага. Пасьля вялікага перапынку ў Лукашэнкі зноў прэсавы сакратар — спадарыня Эйсмант.

Аляксандар Старыкевіч, галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць», кажа, што гэтыя зьмяненьні прынцыпова не ўплываюць на працу журналістаў:

Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч

«Я думаю, што вырашаюць пытаньні не асобы — прынамсі, на ўзроўні Міністэрства інфармацыі. Яны проста праводзяць палітыку, якую распрацоўвае кіраўніцтва краіны. Таму сыход Праляскоўскага і прыход Ананіч, на мой погляд, па вялікім рахунку для мэдыяў нічога не вызначае. Хаця нельга не адзначыць, што апошнім часам заканадаўчыя ўмовы працы незалежных журналістаў зрабіліся больш жорсткімі, і ўзмацніліся атакі на незалежныя мэдыі. Аднак, у якой ступені гэта „заслуга“ канкрэтных чыноўнікаў — вялікае пытаньне».

26 сьнежня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мае намер да Новага году зрабіць шэраг важных кадравых зьмяненьняў. Свае пасады могуць згубіць чыноўнікі вельмі высокага роўню, — прагназуе Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Я думаю, што звольнены будзе прэм’ер-міністар. Ды і старшыня Нацбанку, мабыць, ня вытрымае. За тое, што цяпер адбываецца, нехта мусіць заплаціць. Лукашэнку давядзецца ісьці на такія ахвяры, што пасады міністра тут ня хопіць. Тое, што зрабілі зь беларусамі напярэдадні Раства і Новага году ўрад і Нацыянальны банк, па сутнасьці можна кваліфікаваць як нанясеньне краіне стратаў у асабліва буйным памеры. Лукашэнка не захоча ўзяць гэта на сябе. І як заўжды, скажа, што міністры яго зноў падставілі.

У 2015 годзе будуць ня толькі адстаўкі. Думаю, што будуць і пасадкі. Для намэнклятуры, для начальнікаў наступны год будзе вельмі складаным. І яны будуць лезьці наперад бацькі ў пекла, каб даказаць сваю ляяльнасьць Лукашэнку».

XS
SM
MD
LG