Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто крадзе грошы з банкаматаў?


Паводле Нацыянальнага банку, у Беларусі ў абарачэньні знаходзіцца амаль 5 мільёнаў картак міжнароднай і ўнутранай сыстэм разьліку. Таксама ў краіне больш за 2 тысячы банкаматаў, што за мінулы год склала прырост на 30%.


Аднак імклівае набліжэньне да цывілізацыі мала адбіваецца на якасьці паслугаў. Людзі ўсё часьцей скардзяцца на тое, што грошы зь іх рахункаў таемным чынам зьнікаюць. Калі пачалі разьбірацца, то зьядаюць іх... ужо памянёныя банкаматы
Вядомы актор і сьпявак Аляксей Шэдзько – таксама карыстальнік банкаматаў. Некаторы час таму зь ягонай карткі зьніклі 380 тысяч рублёў. Аднак дагэтуль ён ня змог вярнуць свае грошы і лічыць, што іх проста скралі:

“Я хадзіў у адмысловы аддзел, які гэтым займаецца. Там вельмі многа такіх, як я. Яны нічога не знайшлі. Банк сваю віну катэгарычна адмовіўся прызнаваць. Зьвярнулі ўсё на мяне, маўляў, сам вінаваты. Так сьмешна: грошы зьнялі ў суботу ў Малінаўцы а 7 раніцы. Я там у жыцьці ніколі ня быў, я жыву ў Ждановічах. Я ніяк ня мог апынуцца на Слабадзкой, 15. Карацей, мне спрабавалі ўдзьмуць у вушы, што я ідыёт. А потым яны там ня вельмі ветлівыя хлопцы”.

Аднак спадар Шэдзько змушаны карыстацца сваёй карткай і надалей:

“Справа ў тым, што мы, грамадзяне, вымушаны карыстацца паслугамі канкрэтнага банку. Атрымоўваецца, што карткі навязаныя нашаму насельніцтву. І гэта, безумоўна, выгадна банку. Чаму б, напрыклад, уладальнікам гэтых картак не плаціць нейкія камісійныя?”

Ад пачатку гэтага году ў Беларусі здарылася некалькі збояў у працы банкаматаў. У студзені ў Менску каля 40 хвілінаў банкаматы грошы не выдавалі, але сьпісвалі іх з рахункаў кліентаў. Тады прычынай назвалі памылку ў праграме. Банкіры сказалі, што ніякіх маніпуляцый з рахункамі кліентаў не было. Проста праграма памылкова заблякавала некаторыя сумы.
Не змаглі абслужыць - гэта маральны ўрон для кліента.

А некалькі дзён таму сетка банкаматаў буйнейшых фінансавых установаў краіны не працавала цягам паўтары гадзіны. У выніку -- тысячы тэлефанаваньняў у аддзел абслугоўваньнія картак па ўсёй краіне. Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай сталі перабоі ў энэргазабесьпячэньні. У банкаўскім працэсінгавым цэнтры размаўляць на гэтую тэму адмовіліся з-за таго, што не было на месцы начальства. Прадстаўнік “Беларусбанку” Генадзь Серы сказаў, што банкі могуць прад’явіць штрафныя санкцыі да працэсінгава цэнтру:

“Калі чалавек ня змог абслужыцца ў банкамаце - гэта тое самае, што вы прыйшлі ў банк, а ён зачынены. Не змаглі абслужыць - гэта маральны ўрон для кліента. Яму патрэбныя грошы, а банкамат не працуе. Але ў пляне фінансавых стратаў для кліентаў нічога няма. Тэхнічны збой”

Паводле спадара Серага, грошы ня могуць зьнікнуць у нікуды, як спрабуюць іншым разам даказваць некаторыя кліенты:

“Усё запісваецца, плюс відэасыстэмы ставяцца на банкаматы. Бо ёсьць кліенты, якія безпадастаўна зьвяртаюцца і кажуць: я не здымаў грошай з банкамату, а ў мяне грошы з рахунку зьніклі. І былі выпадкі, калі мы даказвалі кліентам, што ўсё ж здымаў, і гэта твой твар”.

Раней некаторыя банкаматы ў Беларусі спынялі працу ад вялікіх маразоў. Сёлета зіма больш мяккая. Аднак паводле банкіраў, у тых месцах, дзе мерзьлі банкаматы усё ж уладкавалі дадатковыя сыстэмы ацяпленьня.

Са зьяўленьнем банкаматаў зьявіліся ў Беларусі і кардэры, якія займаюцца карткавым махлярствам. Згадваюць, як цэлая група махляроў з дапамогай спэцыяльнага прыстасаваньня, “ліванскай пятлі” блякавала карткі. А каля банкамату яны напісалі нумар тэлефону, і калі кліенты тэлефанавалі, то ў іх і даведваліся пін-коды. Прадстаўнік міністэрства ўнутраных спараваў пра колькасьць кардэраў сказаў, што ў Беларусі іх меней, чым у Расеі і ва Ўкраіне, але яны пэрыядычна зьяўляюцца.

Яшчэ адна асаблівасьць – у Беларусі вырашылі стварыць беларускі банкамат, каб не набываць за мяжой. Спадар Серы сказаў:

“Пакуль не запусьцілі. Ёсьць на заводзе Арджанікідзэ зроблены ўзор, некалькі ўзораў. “Беларусбанк” узяў яго на тэставаньне. Ёсьць шэраг заўвагаў тэхнічных. Але ў дадзены момант жывога, падключанага няма”.

Кліенты ў Беларусі пакуль карыстаюцца карткамі, каб здымаць грошы ў банкаматах. У мінулым годзе 60% апэрацый былі зьвязаныя з гэтым і толькі 40% з разьлікамі. А калі браць па велічыні грашовых сумаў, то каля 10% іх зьвязаныя з разьлікамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG