Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў Беларусі адменяць сьмяротнае пакараньне?


Днямі стала вядома, што сьмяротнае пакараньне трох лідэраў так званай “марозаўскай” групоўкі выканана. Чаму Беларусь не рэагуе на заклікі ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне?


Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе выконваюць сьмяротныя прысуды. У суседніх Расеі і Ўкраіне на гэтае пакараньне ўвялі мараторый, у краінах Эўразьвязу яно ўвогуле забароненае. Што вядома пра выкананьне сьмяротных прысудаў у Беларусі?

У канцы мінулага году мне давялося прысутнічаць на вынясеньні сьмяротнага прысуду Сяргею Марозаву і Ігару Данчанку – лідэрам так званай “марозаўскай групоўкі”, якая, паводле суду, у канцы 1990-х гадоў учыніла шэраг цяжкіх злачынстваў у Гомельскай вобласьці. Запомнілася: Сяргей Марозаў да апошняга трымаўся гэтак, быццам акрамя судзьдзі ў залі нікога не было. Інакш паводзіў сябе Ігар Данчанка. Вачамі ён шукаў падтрымкі нават у ахоўнікаў з аўтаматамі і ў масках. Пасьля сьмяротнага прысуду Данчанка гэтак пранізьліва глядзеў усьлед журналістам, якія выходзілі з залі, што я адчуў: у той момант ён сапраўды разьвітваўся з усім сьветам. Яшчэ ўразіла, што ў залі не было сваякоў абвінавачаных. Няўжо ім быў абыякавы лёс блізкіх?

Прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Беларусі Анастасія Цімановіч паведаміла, што асуджаныя на сьмерць прасілі памілаваньня ў Аляксандра Лукашэнкі, але атрымалі адмову. Чаму на абвяшчэньні прысуду не было сваякоў “марозаўцаў”, Анастасія Цімановіч ня ведае. Яна мяркуе, што сваякі самі не пажадалі прысутнічаць, а “гэта не забаранялася”. Нагадаю, між тым, што працэс быў закрыты і праходзіў у будынку менскага сьледчага ізалятару, так званым “Пішчалаўскім замку”, куды проста так з вуліцы ня зойдзеш. Паводле былога начальніка гэтай установы Алега Алкаева, раней абмежаваньні адносна прысутнасьці былі.

За час маёй працы там двойчы прысуды абвяшчалі ў сьледчым ізалятары. Тады сьпіс прысутных складаў судзьдзя...
За час маёй працы там двойчы прысуды абвяшчалі ў сьледчым ізалятары. Тады сьпіс прысутных складаў судзьдзя. Мне было бяз розьніцы, колькі чалавек прыйдзе і хто: 20, 50 ці 100. Колькі ўмесьціцца ў залю. Але сьпіс складаў судзьдзя, і яго трэба спытаць, чаму не было сваякоў”.

Алег Алкаеў пацьвердзіў, што асуджаных на сьмерць трымаюць менавіта ў “Пішчалаўскім замку”. Паводле ранейшай інфармацыі ад былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, у адной зь вежаў замку і выконваюць сьмяротныя прысуды.

Вядомы праваабаронца Алег Гулак мяркуе, што да працэсаў са сьмяротным прысудам трэба ставіцца звышпільна, бо ў выпадку судовай памылкі яе ўжо ня выправіць.

“Паколькі працэс у гэтай справе быў закрыты, то не было магчымасьцяў для грамадзкага кантролю за законнасьцю прысуду. Тым больш, што суд скончыўся вынясеньнем сьмяротных прысудаў”.


"Гэта будзе козырам у перамовах з Захадам"

Жыхарка Менску Людміла Кучура кажа пра недавер людзей да беларускага правасудзьдзя. Некалькі гадоў жанчына марна дамагаецца апраўданьня яе невінаватага, як яна лічыць, мужа. Яго асудзілі на 18 гадоў за забойства чалавека на паляваньні. Суд праходзіў усяго чатыры дні, дадатковую экспэртызу правесьці адмовіліся, кажа Людміла. Калі яе муж з калёніі паспрабаваў абскардзіць прысуд, на яго пачаўся ціск.

“Мужа сталі зьмяшчаць у карцэр, зьдзекаваліся зь яго, а ён інвалід па сэрцы. Але мы зьмясьцілі зьвесткі ў інтэрнэце, і дзякуючы гэтаму рэпрэсіі хаця б спынілі”.

Не дапамагла Людміле Кучуры і тэлеграма да расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, якога яна прасіла паўплываць на свайго беларускага калегу, які не прымае грамадзянаў са скаргамі на суды.

Гэтаксама бяз выніку і сваякі “марозаўцаў” дамагаліся перагляду прысудаў сваім родным. Вядома, што ніводзін з больш як 40 чальцоў групоўкі ня быў апраўданы або хоць бы атрымаў мякчэйшы прысуд.

Паводле маіх падлікаў, сама меней 15 чалавек мусяць пайсьці туды, у падвал...
Пра выкананьне сьмяротных прысудаў сваякі пакараных дазнаюцца з даведак, якія выдаюцца ЗАГСамі. Целы пакараных ім не выдаюць і пра месца пахаваньня не паведамляюць.

Калі ў Беларусі адменяць сьмяротнае пакараньне? Алег Алкаеў мяркуе, што гэта адбудзецца, толькі калі Аляксандар Лукашэнка пагодзіцца аддаць уладу.

“Бо ён людзей са свайго асяродзьдзя неяк мусіць выратаваць. Паводле маіх падлікаў, сама меней 15 чалавек мусяць пайсьці туды, у падвал”.

Праваабаронца Алег Гулак не прадбачыць хуткага ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

“Мяркую, гэта будзе козырам у перамовах з Захадам, з Эўразьвязам і Саветам Эўропы, у тым ліку адносна наладжваньня адносін ці прэфэрэнцыяў у гандлі”.

З 1997 году ў Беларусі пакарана сьмерцю болей за 150 чалавек. У 2006 было пакарана 9 чалавек, у 2007 вядома прынамсі пра аднаго пакаранага сьмерцю, у 2008 – пра трох расстраляных.

Генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэвіс распаўсюдзіў адмысловую заяву з нагоды выкананьня чарговага сьмяротнага прысуду ў Беларусі. “Я засмучаны ўпартым намерам беларускіх ўладаў ізаляваць сваю краіну ад Эўропы”, — зазначыў спадар Тэры Дэвіс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG