Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці быў у Магілёўскім гіпэрмаркеце страйк?


Касіркі магілёўскага гіпэрмаркэту адмаўляюцца працаваць патрабуючы павышэньня заробкаў. Каб прымусіць іх сесьці за касавыя апараты, прывезьлі штрэйкбрэхераў зь Менску.

Такое можна сёньня пачуць на вуліцах Магілёву, узрушанага навіной: у новаадчыненым гіпэрмаркеце страйк. 3-га лютага, пасьля двух дзён працы, магілёўскі гіпэрмаркет “Гіпа” сустрэў сваіх пакупнікоў зачыненымі дзьвярыма, што выклікала нэрвовую рэакцыю мясцовай улады ды спарадзіла процьму чутак.

Гіпэрмаркет гуртавога гандлю “Гіпа” пачаў працаваць у Магілёве 1 лютага. На адкрыцьцё прыйшло каля тысячы чалавек. Усе чакалі, што тут тавар будзе таньнейшы, чым у звычайных крамах. Чаканьні, аднак, не зусім спраўдзіліся. Так, выбар большы, але цэны ня дужа розьняцца ад звычайных крамных.

Касіркі гіпэрмаркету ў прыватных гутарках з карэспандэнтам “Свабоды” наракалі на невыносныя ўмовы працы. Адна з касірак пажалілася, што няма часу нават выйсьці ў прыбіральню. Што да заробку, то яго яшчэ не атрымлівалі.

А ці была забастоўка? Касіркі адводзяць вочы й кажуць, што не.

Кіраўнік гіпэрмаркету Яўген Шкедаў гэтак патлумачыў “Свабодзе” прычыны прастою незвычайнай для Магілёва крамы:

“Збой у электроннай сыстэме доступу, там і скаргі ёсьць, таму зачынілі. Гарадзкія ўлады прыехалі, паглядзелі, ну і паехалі працаваць далей. Усё працуе”.

Яшчэ адна прычына прастою – нечакана вялікі наплыў пакупнікоў.

“На сёньняшні дзень нас наведала дзьве тысяча дзьвесьце дваццаць чалавек, – працягвае Яўген Шкедаў. – Ня дужа навучаныя нашы касіры-кантралёры. У нас зь Менску дапамога, іх вучаць. І цяпер менчукі сядзяць. Гэта як такі працэс, упершыню ў горадзе, электроніка гэтая ўвесь час пішчыць і усё астатняе, пакуль наладзіцца...”

Ва ўправе гандлю Магілёўскага гарвыканкаму кажуць, што страйку касірак не было. Збоі ў працы абсталяваньня былі, і чэргі застаюцца яшчэ вялікімі:

“Там ужо хібы выпраўляць. Нашы прапановы, у прыватнасьці мае, улічаныя, каб неяк чэргі гэтыя зьменшыць. Таму, што там тэхналёгія продажу крыху іншая. Вось цяпер яны будуць рабіць. Усё там будзе нармальна”, – запэўніў супрацоўнік управы.

У панядзелак на пашыранай нарадзе аблвыканкаму яго старшыня Барыс Батура выказаў незадавальненьне тым, як пачаў працу гіпэрмаркет.

“Управа гандлю павінна адпрацоўваць тэхналёгіі абслугоўваньня пакупнікоў не на жывых людзях”, – дакараў чыноўнікаў Барыс Батура.

У гіпэрмаркеце працуюць трыста чалавек. Касіркі й абслугоўваючы пэрсанал адбіраліся на адмысловых касьцінгах. Будавалі краму амаль тры гады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG