Адлічэньні з вучобы пачаліся ня толькі ў менскіх унівэрсытэтах. У той час, калі Артур Фінькевіч вяртаўся дадому ў Менск з Магілёву, пачаўся ператрус у інтэрнацкім пакоі ў полацкай актывісткі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Кацярыны Салаўёвай. А маладачанскага актывіста Генадзя Фарыну выклікалі на допыт.
Увечары, пакуль Артур Фінькевіч ехаў з Магілёва ў Менск, у інтэрнацкім пакоі Кацярыны Салаўёвай у Полацку пачаўся ператрус. Кацярына выпадкова засьпела супрацоўнікаў КДБ. Яна прыйшла, каб забраць свае рэчы, бо дзяўчыну яшчэ раней адлічылі з Полацкага ўнівэрсытэту.
“Цікава, што яны нават не гавораць зь якой нагоды. Што яны кажуць... Нічога. Прыйшлі, пераглядаюць некаторыя рэчы... Ну й канфіскуюць”.
Аляксандра Галавача, настаўніка менскай школы № 207, што ў мікрараёне Малінаўка, звольнілі з працы за ягоную палітычную прыналежнасьць. Аляксандар уваходзіць у моладзевае крыло Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ён апавёў, што яго выклікала да сябе дырэктарка школы Кацярына Саўчук:
“Дырэктарка школы паведаміла наступнае: паколькі я зьяўляюся сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, то я ня маю права працаваць у школе, бо мой ідэалягічны накірунак разыходзіцца з ідэалягічным накірункам дзяржавы. Я казаў, што паводле Канстытуцыі я маю права працаваць і ўваходзіць у любую зарэгістраваную партыю. Яна мне на гэта паведаміла, што ёй непатрэбныя праблемы. Запатрабавала, каб я падаў заяву на звальненьне на ўласнае жаданьне”.
Аляксандр Галавач абураецца стаўленьнем да сябе адміністрацыі школы. Ён прыгадаў, што сам 11 гадоў вучыўся ў гэтай школе. У яго добрыя адносіны з вучнямі і настаўнікамі. Аляксандар займаўся ў школе працаю па лініі БРСМ. Пад ягоным кіраўніцтвам вучні занялі першае месца ў конкурсе супраць СНІД у сваім раёне і трэцяе месца ў горадзе. У конкурсе БРСМ настаўнік падрыхтаваў вучня, які перамог у намінацыі “лідэр-дэмакрат”. У школе Аляксандар ладзіў таксама сэрыю канцэртаў кшталту “Фабрыкі зорак”.
Дырэктарка Кацярына Саўчук, якая яшчэ й дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, калі Аляксандар сыходзіў на сэсію, казала яму, што ніякай заявы ня трэба. Цяпер яна паведаміла маладому настаўніку, што ў выпадку адмовы падаць заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне яна звольніць яго паводле артыкулу за прагулы.
Тым часам цягам тыдня працягваюцца адлічэньні з вучобы студэнтаў, якія адбывалі ў часе зімовай сэсіі арышты за сваю апазыцыйную дзейнасьць. Так, сёньня адлічылі непаўналетняга студэнта Хведара Чаранкова з Мазырскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Хведара затрымлівала міліцыя летась 16 лістапада і сёлета 8 студзеня. Заўтра ён разам з бацькам пойдзе ў выканкам на паседжаньне адміністрацыйнай камісіі, якая будзе разглядаць ягоную справу за распаўсюджваньне ўлётак.
Бацька Хведара Юрась Чаранкоў ня мае аптымізму што да пэрспэктывы навучаньня ў Беларусі:
“Афіцыйнай паперы няма, але ўсе ведаюць, што ён не павінен здаць сэсію. Мы пра гэта даведаліся неафіцыйным шляхам праз сваіх знаёмых. Пэрспэктывы навучаньня няма. Калі ён куды-небудзь паступіць вучыцца, то зноў усплыве яго справа, ці яшчэ што-небудзь такое. Зьядуць яго... застаецца толькі працаваць, а потым у войска забяруць”.
Маладачанскага актывіста Генадзя Фарыну выклікалі на так званую размову ў КДБ. Сьледчы паведаміў, што гэта ня допыт, а папросту “адказы на некаторыя пытаньні”.