Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачаўся суд за сядзібу партыі БНФ


У Гаспадарчым судзе Менску распачаўся разгляд пазову ЖРЭА Савецкага раёну Менску да партыі БНФ. Камунальныя службы намагаюцца пазбавіць партыю арандаванага памяшканьня. Кіраўнікі партыі БНФ зьвярнуліся ў суд з сустрэчным пазовам.

Узаемныя судовыя пазовы ў Гаспадарчым судзе Менску прыняла да разгляду судзьдзя Алена Мельнікава. У падрыхтоўчым паседжаньні першымі разглядаліся прэтэнзіі з боку камунальных службаў. Асноўная сярод іх — пратэрміноўка ў аплаце арэнды. Прадстаўніца камунальных службаў гэтыя закіды пракамэнтаваць адмовілася, а намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў сказаў наступнае:

Рыгор Кастусёў
"Я лічу, што прэтэнзіі неабгрунтаваныя цалкам. Калі ў нас была запазычанасьць па арэнднай плаце, то арэндадаўца мусіў выставіць нам прэтэнзіі цягам двух месяцаў пасьля зьяўленьня гэтай запазычанасьці. Гэта зроблена не было, тэрміны ўсе выйшлі. Мы зьліквідавалі запазычанасьць, і пасьля гэтага прайшло больш чым паўгода. Таму мы не прызнаём гэты пазоў".

Дамова арэнды памяшканьня, якое партыя займала больш за 20 гадоў, скончылася 31 сакавіка. Такім чынам, памяшканьне ўправы неабходна было вызваліць з 1 красавіка. Аднак актывісты адмаўляюцца гэта рабіць і дзеля абароны сядзібы арганізавалі кругласуткавае дзяжурства. Судзьдзя Алена Мельнікава пацікавілася ў партыйцаў, чаму яны дамагаюцца арэнды менавіта гэтага памяшканьня. Вось што на гэта кажа яшчэ адзін намесьнік, Ігар Лялькоў:

Ігар Лялькоў
"Гэтае памяшканьне значнае ня толькі для партыі БНФ. За гэтыя гады яно сталася цэнтрам незалежнага жыцьця ў цэнтры Менску. І страта гэтага памяшканьня стане ўдарам ня толькі для партыі БНФ, але і для ўсіх незалежных сілаў у нашай краіне: і для грамадзка-палітычных, і культурніцкіх".

Асноўнае судовае паседжаньне судзьдзя Алена Мельнікава прызначыла на 28 красавіка. Вынікі папярэдняга старшыня партыі Аляксей Янукевіч пракамэнтаваў гэтак:

Аляксей Янукевіч
"На маю думку, судзьдзя паважна паставілася да тых аргумэнтаў, якія мы выказвалі, і дакумэнтаў, якія мы падалі. Аднак пачакаем рашэньня, бо, на жаль, і раней мы бачылі сытуацыі, калі судзьдзя ўважліва і нават з прыхільнасьцю ставіцца да прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасьці. А ў выніку рашэньні прымаліся не лягічныя, здавалася б. Таму заўчаснага аптымізму ў нас няма".

Пазоў партыі БНФ да ЖРЭА Савецкага раёну з абскарджаньнем адмовы ў праве арэнды памяшканьня Гаспадарчы суд разгледзіць 22 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG