Зьміцер Хведарук адседзеў 15 сутак арышту. Ён ня першы раз за кратамі. Зьміцер апавёў “Свабодзе”:
“Са мной сядзеў Алесь Макаеў, Віталь Стажараў з АГП, Карэн Акопаў. Спачатку ставіліся ахоўнікі да нас даволі агрэсіўна. Мы штораніцы сьпявалі гімн “Магутны Божа” і мне за гэта нават зрабілі папярэджаньне. Але потым пачалі ставіцца больш лагодна. Нават жадалі дабранач. З намі ў камэры тры дні сядзеў наркаман хворы на гепаціт. На трэці дзень ён пачаў сам з сабой размаўляць, пачаў кідацца ў вакно... Яго забрала “хуткая” у “Навінкі””.
Зьмітра Хведарука затрымалі пасьля таго, як у судзе арыштавалі ягоных сяброў Уладзімера Сяргеева, Касю Галіцкую, Людмілу Атакулаву і Касю Краснову. У той дзень судзілі яшчэ й моладзевых актывістаў партыі БНФ Франака Вячорку, Антона Каліноўскага і Юрася Станкевіча, а таксама сяброў руху “Джынс за свабоду” Максіма Вінярскага і Паўла Кур’яновіча.
Зьмітра Хведарука міліцыянты схапілі на вуліцы ў прысутнасьці адкваката Аляксандра Галіева. Зьмітра закінулі ў машыну і білі дзьвярыма па нагах. У міліцыі на яго склалі пратакол паводле дробнага хуліганства, абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы.
У турме на вуліцы Акрэсьціна ў студзені было больш за паўсотні апазыцыянэраў. Сярод іх лідэры прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, Алесь Макаеў, лідэр АГП Анатоль Лябедзька , актывісты моладзевага дэмакратычнага руху.
Аднаго зь іх, Андрэя Кіма, абвінавацілі ў пагрозе міліцыянту і пасадзілі ў сьледчы ізалятар.
У панядзелак 4 лютага на волю выйдуць прадпрымальнікі і моладзевыя актывісты , якіх арыштавалі за ўдзел у акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да дробнага бізнэсу, якая адбылася 21 студзеня.
Сярод арыштаваных прадпрымальнік з Гомеля Ўладзімер Няпомняшчы, прадпрымальнікі з Менску Віктар Кукрыш, Артур Піцько, Сяргей Шаўцоў, актывіст моладзевага руху “Джынс за свабоду” Павал Кур’яновіч ды іншыя.