Паводле архітэктурнага пляну вуліца Маркса мае стаць пешаходнай, а ў некалькіх дамох на вуліцах Маркса і Валадарскага зьбіраюцца разьмясьціць трохзоркавы гатэль, казіно ды гандлёвы цэнтар. Дом №21а маюць намер зьнесьці, а на яго месцы зрабіць стаянку для аўтамабіляў. І гэта пасьля зусім сьвежага капітальнага рамонту. Жыхары будучага пешаходнага раёну не перастаюць зьдзіўляцца.
“Вы паглядзіце на гэты дом, вокны якога відаць адсюль, – гаворыць спадар Віктар, лётчык-пілёт на пэнсіі. – Чатырохпавярховы дом. Неяк ня верыцца, што на ўсіх чатырох паверхах будзе рэстаран. Значыцца, будуць там і кватэры. Ня цяжка здагадацца, што інтарэс тут палягае ў кватэрах у цэнтры гораду. Але гэта – наша нерухомасьць. Мы шмат чаго перажылі. Перабудову, чэргі, складанасьці, уклады ў банках страцілі... Але нашы кватэры – гэта наша нерухомасьць!”
“Я набыў кватэру тут летась, мяне ніхто не папярэдзіў пра адсяленьне”
Людзей абурае, што пра перамены ў жыцьці іх афіцыйна не папярэдзілі. Дазнаваліся яны пра плянаванае адсяленьне хто адкуль – па чутках, па тэлефонным радыё. Расказвае жыхар дому 19 па вуліцы К.Маркса:
“Я набыў кватэру ў гэтым доме летась, у лютым. І мяне ніхто не папярэджваў пра адсяленьне. Хаця вядома ж было загадзя каму трэба... Я рамонту яшчэ ня скончыў – ня ведаю, што рабіць... Калі яны мне за кватэру маю заплацяць па рынкавых цэнах, па 5000 за мэтар, мне не патрэбнае іх жытло – я папросту набуду кватэру недзе паблізу – у гэтым жа раёне... Навошта яны мяне адсяляюць некуды?”
Дзеля абароны правоў варта кансалідавацца
Мой суразмоўца спадар Віктар кажа, што ўсім зацікаўленым у сваіх інтарэсах жыхарам варта было б аб'яднаць высілкі для сваёй абароны:
“Мы пакуль што яшчэ не кансалідаваліся. Перажываюць усе аднолькава, а нешта рабіць спрабуюць усе паасобку. Гэта нам не на карысьць, натуральна. Могуць нас разгрупаваць... Аднаму паабяцаць гэта, другому – іншае...”
Спадар Віктар зачытвае фрагмэнт ліста афіцыйным асобам ад імя жыхароў ягонага дому:
“Складаецца ўражаньне, што пад эгідай стварэньня пешай зоны маюць пазбавіцца тых жыхароў, якія плацяць толькі камунальныя плацяжы. Пазбавіцца з мэтай стварэньня лякальнага Лас-Вэгасу, які, як вядома, быў пабудаваны ў пустыні”.
Каму адрасаваць гэты ліст, патэнцыйныя перасяленцы пакуль што ня вырашылі.
“Рашэньня канчатковага няма. Гэта толькі прапанова...”
Хто дакладна адказвае за лёс дамоў на будучай пешаходнай зоне, мне патлумачылі ў аддзеле гістарычнай забудовы і вонкавага аздабленьня камітэту архітэктуры:
“Гэты праект яшчэ не праходзіў узгадненьня – ні ў камітэце, ні экспэртызу... Рашэньне па ім яшчэ не прынятае. Гэта пакуль што толькі прапанова. Таму паніка, якую ўзьняў народ са сваімі скаргамі... Яшчэ нічога пэўна невядома. Але заказчык – гэта ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва. Ён праводзіў грамадзкія абмеркаваньні...”
Пакуль без жыхароў вырашаюць, што рабіць зь іхным жытлом, уласна жыхары зусім ня супраць, каб іх родная вуліца стала пешай:
“Горад наш заслугоўвае, каб была пешаходная зона, прыгожая... Але мы ж ніяк не паганім гэтай зоны... Скажуць у фраках хадзіць – можам хадзіць у фраках!”