Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыжкавічы: рэпартаж зь вёскі, якой хутка ня будзе


Вёску Рыжкавічы, колішнюю цэнтральную сядзібу калгасу імя Леніна, парторгам якога ў 1980-я гады быў Аляксандар Лукашэнка, неўзабаве аб’яднаюць са Шкловам.


Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў днямі пастанавіў пашырыць межы райцэнтра. Да Шклова далучаць таксама й пасёлак Маладзёжны, дзе будуюць завод газэтнай паперы і дзе знаходзіцца вядомая цяпер папраўчая калёнія №17. У ёй адбываў пакараньне Зьміцер Дашкевіч.
Пятнаццаць гадзінаў дня. Вёска Рыжкавічы. Сямсот мэтраў да Шклова. Іду цэнтральнай вясковай вуліцай. Вуліца асфальтаваная, паабапал дагледжаныя сялянскія сядзібы. У гэты час яна бязьлюдная. Рыжкаўцы на працы.
Пры дарозе крама. Пра тое, што Рыжкавічы неўзабаве стануць Шкловам, гандляркі чулі. Мае суразмоўцы перакананыя, што рыжкаўцы ўжо даўно лічаць сябе шклоўцамі.
“У краму яны ходзяць толькі за малаком і хлебам. А так езьдзяць на рынак. Горад блізка, іх гэта задавальняе. Ім нібыта гэта адно й тое ж. Што Шклоў, што Рыжкавічы. Тут цяпер шмат пэнсіянэраў. Цяжка. Дзеці прыяжджаюць рэдка. Калі пачынаецца гурковы сэзон, тады канечне ўздым ёсьць”.
У вёсцы засталося толькі пяць кароў.
У Рыжкавічах 239 хат. Тут жыве пяцьсот шэсьцьдзесят шэсьць чалавек, з іх дзевяноста дзяцей. Калгасу ўжо даўно няма. У сярэдзіне дзевяностых ён заняпаў, а потым яго ліквідавалі. Рыжкаўцы працуюць хто дзе: хто ў Шклове, хто ў Магілёве, хто будуе завод газэтнай паперы, што ў суседнім пасёлку Маладзёжны.
Рыжкавіцкі сельскі савет ад саміх Рыжкавічаў за два кілямэтры, у пасёлку Маладзёжны, акурат ля турмы.
Пра плюсы й мінусы аб’яднаньня гораду зь вёскамі гутару са старшынёй савету Сьвятланай Яўмененкай:
“З аднаго боку й на чаргу, там жа ў Шклове ёсьць будаўнічыя каапэратывы, на жыльлё стаць, асабліва моладзь. Ня трэба думаць, дзе прапісацца, каб прынялі ў гэты каапэратыў на атрыманьне жыльля. Адзінае, канечне, што вось школьнікі, харчаваньне ж бясплатнае сельскім вучням, а ў горадзе платнае. А будзе абслугоўваньне, мэдабслугоўваньне гарадзкое”.
Пасёлак Маладзёжны паўстаў, калі пачалі будаваць завод газэтнай паперы. Першую прадукцыю завод меўся даць пры канцы 2007 году, але таго не адбылося. Прычыны дагэтуль не вядомыя.
Рыжкавіцкі сельсавет пакуль самы буйны на Шклоўшчыне. У дваццаці дзевяці вёсках жыве амаль тры тысячы чалавек. У Рыжкавічах і Маладзёжным, каля тысячы двухсот.
Рыжкавічы вядомыя тым, што тут жыў і працаваў намесьнікам старшыні калгасу імя Леніна й парторгам Аляксандар Лукашэнка. Дагэтуль тут жыве ягоная жонка Галіна. Працуе яна ў Шклоўскім райвыканкаме. Паводле водгукаў жыхароў райцэнтру, шклоўцы спадарыню Лукашэнку паважаюць і як чалавека й як чыноўніка.
Чаму ліквідавалі той калгас імя Леніна. Вось меркаваньне палітыка, які доўгі час працаваў у Шклове, Рыгора Кастусёва:
“Хібы ў кіраўніцтве калгасам і раёнам прывялі да таго, што калгас разваліўся. Прыгарадная гаспадарка, шмат людзей. Былі аб’екты, вельмі добры быў машынны двор, фэрмы. Былі нават такія меркаваньні, што частку крэдытаў калгас Леніна ўзяў падчас выбарчай кампаніі 1994 году”.
Колішні начальнік Аляксандра Лукашэнкі, былы старшыня калгасу імя Леніна, Уладзімер Маліноўскі ў сярэдзіне дзевяностых заснаваў і кіруе дагэтуль фэрмэрскай гаспадаркай “Дыяна”. Гаспадарка разьмешчана на тэрыторыі Рыжкавіцкага сельскага савету. Яна адна з самых пасьпяховых у раёне.
Вёска Рыжкавічы вядомая ад шаснаццатага стагодзьдзя. Некалі тут беларускія магнаты Хаткевічы пабудавалі кляштар Дамініканаў. Была тут і ўніяцкая царква Пятра й Паўла. Зьнішчылі яе ў сярэдзіны 20 стагодзьдзя. За часамі другой усясьветнай вайны ў Рыжкавічах было габрэйскае гета. Яго фашысты зьнішчылі пры канцы 1941 году. Памятнага знаку пра зьнішчаных габрэяў у вёсцы й Шклове няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG