Паводле зьвестак прыяцеля сям’і, рэчыцкага прадпрымальніка Леаніда Невара, пасьля працоўнага дня Станіслаў і Ірына выправіліся ў Маскву па тавар. Днём яны ехаць не маглі. У Рэчыцы Жураўскія трымалі дзьве гандлёвыя крамы, парадак працы якіх вызначаны мясцовым райвыканкамам.
Наколькі вядома, ноччу на сьлізкай шашы аўтамашыну Жураўскіх занесла, і яны сутыкнуліся з сустрэчным аўтафургонам.
Станіславу летась споўнілася 50 гадоў, Ірыне — 47. У іх засталіся дарослая дачка і сын-школьнік.
“Прадпрымальнікі пастаўлены ў такія ўмовы, што працуюць на выжываньне.
На працу несваякоў мы цяпер браць ня маем права, усё павінны рабіць самі — і гандляваць, і тавар вазіць, і справаздачы даваць. Нечалавечыя ўмовы”, — лічыць Леанід Невар.
Пахаваньне прадпрымальнікаў Жураўскіх адбудзецца ў Рэчыцы заўтра.